Кардынал Луіc Сако з іерархамі Халдэйскага Патрыярхату Кардынал Луіc Сако з іерархамі Халдэйскага Патрыярхату  

У Іраку завяршыўся Cінод мясцовага Касцёла

Роля свецкіх і жанчын, а таксама палітычная сітуацыя абмяркоўвалася падчас Cінода мясцовага Касцёла, які завяршыў сваю працу ў Іраку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Луіc Сако заклікаў падтрымаць хрысціянскіх міністраў і дэпутатаў парламента "на карысць краіны". Халдэйскі Патрыярх адзначыў, што з прычыны пандэміі Сінод адбыўся на два гады пазней.

Падчас сустрэчы была зменена назва Патрыярхату. Асамблея вырашыла, што ён будзе называцца Халдэйскі Патрыярхат, а не як раней – Вавілонскі Халдэйскі Патрыярхат.

Важным пунктам разважанняў стала сінадальнасць. “Сінадальнасць закладзена ў прыродзе Касцёла. Усё робіцца разам, існуе камунія: ніхто не можа кіраваць Касцёлам у адзіночку, ні Патрыярх, ні біскуп, неабходна супрацоўнічаць, як гэта рабілі вучні на пачатку”, - падкрэсліў кардынал Сако.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што ў жыхароў Блізкага Усходу ёсць даўняя традыцыя сінадальнасці, і Заходні Касцёл можа скарыстацца гэтым досведам. “У нас, напрыклад, ёсць пастаянныя і агульныя сіноды. Лацінскі Касцёл мог бы ўзяць гэта за прыклад і даць больш паўнамоцтваў біскупам і біскупскім канферэнцыям, абмяркоўваць і прымаць пэўныя рашэнні, бо кожная краіна мае свае адрозненні: культуры, традыцыі і менталітэту. Мы павінны думаць па-новаму, каб кіраваць Касцёлам на ўсіх узроўнях”, - перакананы Халдэйскі Патрыярх.
 

19 жніўня 2021, 10:54