Vatican News
Св. Дамінік Св. Дамінік 

Працягваецца юбілейны год св. Дамініка

У Балоньі трывае святкаванне 800-годдзя смерці святога Дамініка Гуcмана, заснавальніка Ордэна прапаведнікаў і аднаго з заступнікаў гэтага італьянскага горада. Пры яго магіле штодзённа цэлебруюцца св. Імшы.

Ян Глінскі - Vatican News

Вечарам 5 жніўня на вуліцах Балоньі адбылася працэсія з рэліквіямі святога. Удзельнікі прайшлі да месцаў, звязаных з апошнім этапам яго жыцця. Яна завяршылася пры магіле заснавальніка дамініканскага закону, памерлага ў Балоньі 6 жніўня 1221 г.

З нагоды юбілею Папа напісаў адмысловае пасланне, у якім назваў св. Дамініка “прапаведнікам ласкі”. Генеральны магістр дамініканаў а. Жэрар Ціманэр звярнуўся да зместу папскага ліста і ўказаў на актуальнасць паслання святога, які, хоць і жыў у Сярэднявеччы, аднак многае можа сказаць сучаснаму свету.

“Дамінік можа быць крыніцай натхнення таксама для нас, бо і сёння мае што нам сказаць. Яго сведчанне пазачасавае. У пасланні з нагоды юбілею 800-годдзя яго смерці Францішак нагадвае, што Дамінік можа быць прыкладам для ўсіх ахрышчаных, пакліканых ісці на самыя аддаленыя перыферыі нашага свету са святлом Евангелля і міласэрнай любоўю Хрыста. Нашы браты, а таксам сёстры дамініканкі працуюць, між іншым, на мяжы паміж тым, што чалавечае, і тым, што ломіць годнасць чалавека – на мяжы справядлівасці і міру. Нашае служэнне прысутнае ва ўсім свеце”, - падкрэсліў Ціманэр.
 

06 жніўня 2021, 10:46