Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Лацінская Амерыка: створана школа каталіцкіх лідараў

Арганізаваная Каталіцкім Касцёлам, Першая лацінаамерыканская школа народных лідараў пачне сваю дзейнасць у верасні 2021 г.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Заняткі будуць адбывацца ў інтэрнэце, а сярод выкладчыкаў – італьянскі філосаф Рока Буцільёнэ, былы аргентынскі міністр Хуліян Дамінгес і мексіканскі кард. Феліпэ Арызмэндзі Эсківэль.

Школа спасылаецца на вучэнне Францішка, які паказвае на неабходнасць інтэгральнага чалавечага развіцця, падкрэсліваючы суб'ектнасць народаў ва ўсёй іх разнастайнасці і ўсеагульным доступе да зямлі, працы і жылля.

У адказ на запыт Пантыфіка, Caritas, Лацінаамерыканская акадэмія каталіцкіх лідараў, Касцёльная сетка мігрантаў і бежанцаў (CLAMOR) і чатыры ўніверсітэты аб'ядналі свае намаганні пад кіраўніцтвам кард. Альвара Рамазіні з Гватэмалы для стварэння навучальнай установы, якая будзе развіваць элементы папскага вучэння.

Заняткі будуць праходзіць па суботах з 11 верасня па 27 лістапада 2021 г. на віртуальнай платформе. Арганізатары тлумачаць, што "гістарычная ініцыятыва" з'яўляецца адказам на жаданне Францішка "абудзіць наша соннае сумленне і справакаваць гуманістычнае і экалагічнае навяртанне, якое пакладзе канец ідалапаклонству грошай і паставіць у цэнтр жыццё". Яны заявілі, што школа дапаможа даць кваліфікацыю лідарам, якія штодня знаходзяцца на чалавечых і экзістэнцыяльных межах, дапамагаючы разбураць сцены і будаваць масты салідарнасці з прымусова перамешчанымі асобамі.

Навучэнцы школы атрымаюць дыпломы, выдадзеныя сумесна чатырма ВНУ: Універсітэтам Finis Terrae ў Чылі, Каталіцкім універсітэтам Lumen Gentium у Мексіцы, Каталіцкім універсітэтам Тачыры і Каталіцкім універсітэтам імя Сесіліё Акосці ў Венесуэле.

Адзін з выкладчыкаў школы, праф. Рока Буцільёнэ, былы міністр і віцэ-спікер італьянскага парламента, звярнуў увагу на тое, што Лацінскай Амерыцы патрэбны лідары, якія давяраюць людзям і размаўляюць з імі, слухаюць іх і выказваюцца ў вялікіх дэбатах глабалізаванага грамадства.
 

10 жніўня 2021, 12:57