Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Германіі падсумоўвае маштаб разбурэнняў ад паводкі

Нядаўняя разбуральная паводка ў Германіі сур’ёзна пашкодзіла шматлікія касцёлы і касцёльныя будынкі. Каталіцкія структуры працягваюць падсумоўваць маштаб разбурэнняў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Паводле папярэдніх ацэнак, апублікаваных агенцтвам KNA, у Трырскай дыяцэзіі ў рознай ступені быў пашкоджаны 31 касцёл, восем плябаніяў, восем парафіяльных дамоў і некалькі дзясяткаў ясляў і дзіцячых садкоў. Падлік шкоды працягваецца, вызначыць канкрэтную суму пакуль немагчыма. Таксама пакуль цяжка сказаць, якія з аб’ектаў можна будзе адрамантаваць, а якія трэба будзе закрыць.

У Аахенскай дыяцэзіі было пашкоджана 57 касцёльных будынкаў, у тым ліку 21 храм. Кёльнская архідыяцэзія паведаміла пра больш чым 200 матэрыяльных страт, з якіх больш за 40 – гэта дзіцячыя садкі і школы. Іх аднаўленне будзе патрабаваць вялікіх грошай. Напрыклад, шкода, якую паводка нанесла каталіцкай гімназіі ў Бад-Мюнстэрайфелі, ацэньваецца ў больш чым 6 мільёнаў еўра. Пасля завяршэння канікул навучанне ў гэтай установе будзе адбывацца дыстанцыйна.

Моцная паводка абрынулася на заходнюю частку Германіі, Бельгію і Нідэрланды ў сярэдзіне ліпеня. Ахвярамі стыхіі сталі па меншай меры 200 чалавек. Тысячы людзей засталіся без даху над галавой, была нанесена сур’ёзная шкода інфраструктуры.

18 ліпеня сваю салідарнасць з ахвярамі катаклізму выказаў Святы Айцец. “Хацеў бы выказаць спачуванне жыхарам Германіі, Бельгіі і Нідэрландаў, якія пацярпелі ад катастрафічных паводак. Няхай Пан прыме памерлых і суцешыць іх сем'і. Няхай падтрымае намаганні ўсіх па дапамозе тым, каму нанесена сур’ёзная шкода”, - казаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі.
 

09 жніўня 2021, 10:10