Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Купалаў фэст прайшоў з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах у нядзелю 11 ліпеня 2021 г. Таксама ў свяце ўдзельнічаў вядомы паэт Уладіміра Някляева. Заслужаны іерарх і вядомы літаратар – аднагодкі: за два дні да фэсту Някляеў адзначыў свой 75-гадовы юбілей. Фэст традыцыйна праводзіцца ў ліпені пры касцёле, дзе быў ахрышчаны Янка Купала, па ініцыятыве радашковіцкага пробашча, кс. Юрыя Быкава ў супрацоўніцтве з літаратурным музеем песняра. Арцыбіскуп Кандрусевіч, працытаваўшы словы з купалавай драмы “Раскіданае гняздо”, адзначыў, што грамадска-палітычны крызіс, які цяпер перажывае Беларусь, – гэта вынік грахоўнага жыцця і патаптання асноватворнага хрысціянскага прынцыпу: "Не рабі іншаму таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе".

Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці адбыліся ў Тракелях 10-11 ліпеня 2021 г. – у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў на Гродзеншчыне свята прайшло пад дэвізам "Марыя, у Табе наша надзея". Зноў невялікая вёска каля Ліды напоўнілася шматлікімі пілігрымамі рознага ўзросту з гарадоў і вёсак рэгіёну і іншых месцаў Беларусі. У нядзелю цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Па словах прадстаўніка Папы, Багародзіца натхняе вернікаў і дае новыя духоўныя сілы, каб перажыць цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца на зямным шляху. Іерарх дадаў, што дзякуючы Маці Божай Тракельскай гістарычная святыня становіцца ўсё больш прывабнай для вернікаў, якія знаходзяць там адпачынак, супакой, адказы на пытанні, натхненне для штодзённага жыцця, здароўе і падтрымку ў хваробе.

Абрана новае кіраўніцтва Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. 13 ліпеня 2021 г. на агульным сходзе падвялі вынікі жыцця і дзейнасці братэрскай супольнасці за апошняе трохгоддзе, на працягу якога ўжо другі тэрмін яе кусташам заставаўся брат Алег Шэнда. А новым кусташам абралі брата Андрэя Букштана. Госцем капітула ў гэты асабліва важны для супольнасці дзень стаў старшыня епіскапату Беларусі, Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён заахвоціў братоў памятаць пра фундамент, закладзены папярэднімі пакаленнямі веруючых у Беларусі.

У Гудагаі пачаліся адпустовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета вернікі дзякуюць за 30 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40 гадоў з часу прэзбітэрскага пасвячэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100 гадоў з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса. У дыяцэзіяльным санктуарыі айцы кармэліты разам са сваімі парафіянамі рыхтаваліся да гэтай падзеі не толькі духоўным чынам – вернікі аднавілі абразы на ружанцовых дарожках, ружанцовыя каплічкі, прывялі ў парадак клумбы з кветкамі і магілы святароў, пахаваных у Гудагаі. Дарэчы, усе жадаючыя падчас урачыстасцей 17-18 ліпеня 2021 г. маюць магчымасць атрымаць кармэліцкі шкаплер.

У духоўных семінарыях у Гродне і Пінску працягваецца прыём кандыдатаў, а першы тур экзамену пройдзе ў Мінску ў панядзелак 19 ліпеня 2021 г. На ўступным экзамене кандыдат павінен паказаць свае веды па асноўных тэмах са Святога Пісання, катэхізіса, гісторыі паўсюднага Касцёла, Касцёла ў Беларусі, сваёй дыяцэзіі, актуальнага жыцця Каталіцкага Касцёла.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

 

17 ліпеня 2021, 10:57