Кардынал Альбер Вануа Кардынал Альбер Вануа 

Памёр кардынал Альбер Вануа: спачуванні Пантыфіка

Францішак выказаў спачуванне тым, хто смуткуе з прычыны смерці кардынала Альбера Вануа. Іерарх памёр 29 ліпеня 2021 г. у лазарэце рымскага Генеральнага дома езуітаў на 98-м годзе жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак з удзячнасцю ўспамінае “духоўнага сына св. Ігнацыя, дасведчанага настаўніка, аўтарытэтнага біблеіста, шанаванага рэктара Папскага біблійнага інстытута, руплівага і мудрага супрацоўніка структур Рымскай курыі”, які “з вялікай адданасцю служыў Богу і Касцёлу”. “Таксама ўспамінаю яго любоў да служэння прапаведніцтва, якое ён выконваў шчодра, ажыўлены гарачым жаданнем абвяшчаць Евангелле”, - напісаў Пантыфік у спачувальнай тэлеграме.

Папа “ўзносіць малітву да Пана, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі ён прыняў свайго вернага слугу ў нябесным Ерузалеме, і сардэчна ўдзяляе апостальскае благаслаўленне ўсім, хто аплаквае яго смерць, з асаблівай думкай аб тых, хто з любоўю дапамагаў яму і суправаджаў у апошні час”.

Кардынал Альбер Вануа, ураджэнец паўночнай Францыі, у свой час быў рэктарам Папскага біблійнага інстытута і сакратаром Папскай біблійнай камісіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Апостальскай канстытуцыі Sapientia Christiana. Стаў адным з трох прадстаўнікоў духавенства ва ўзросце за восемдзясят, якія за заслугі перад Касцёлам у сакавіку 2006 г. атрымалі кардынальсую годнасць.

У цяперашні час з 220 кардыналаў 123 маюць выбарчыя правы.
 

30 ліпеня 2021, 13:22