Арцыбіскуп Станіслаў Зваленскі Арцыбіскуп Станіслаў Зваленскі  

Епіскапат Славакіі: праграма візіту Папы ўсё больш канкрэтная

Славацкія біскупы ўжо ўзгаднілі з Святым Пасадам праграму вераснёўскага папскага візіту. Аб гэтым паведаміў старшыня епіскапату, арцыбіскуп Станіслаў Зваленскі ў інтэрв'ю каталіцкаму парталу postoj.sk.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх паінфармаваў, што Францішак, як і Ян Павел II у 1995 г., возьме ўдзел у нацыянальнай пілігрымцы славакаў да Маці Божай Балеснай у Шашціне, а акрамя экуменічнай сустрэчы, таксама запланавана размова з прадстаўнікамі юдаізму.

Арцыбіскуп Браціславы заявіў, што Святы Пасад ужо ўзгадніў спіс прапаноў славацкага боку, уключаючы падаўжэнне візіту да 15 верасня, а таксама асаблівую ўвагу да Грэка-Каталіцкай Царквы. У станоўчым адказе падкрэсліваецца, што "можна ганарыцца асаблівасцю прысутнасці абодвух абрадаў на адной тэрыторыі".

Адказваючы на пытанне аб спекуляцыях на тэму таго, што падчас свайго візіту Папа разгледзіць спрэчную праблему адстаўкі ў 2012 г. арцыбіскупа Роберта Безака, арцыбіскуп Зваленскі заявіў, што "неразумна рабіць гіпотэзы ў гэтым кірунку”. "Святому Айцу трэба пакінуць свабоду вырашэння ўсяго, што ён палічыць неабходным", - сказаў славацкі іерарх.

Несумненна, Пантыфік прыедзе матываваць мясцовы Касцёл, які сутыкнуўся ў апошнія гады з "рознымі цяжкасцямі", - падкрэсліў арцыбіскуп. Ён дадаў, што Славакія змагаецца "як з выклікамі сучаснага свету, так і з унутранымі", за ўласную ідэнтычнасць і за "славацкі шлях", дзе пераплятаюцца "пакуты, віна Касцёла, змаганне з сучаснасцю і крытыка клерыкалізму".

Хоць не ўсе ў мясцовым Касцёле згодныя з курсам Францішка, Зваленскі прапанаваў не пераацэньваць гэтую групу. Ён растлумачыў, што Папу ў Славакіі крытыкуюць не больш, чым у іншых краінах Еўропы і свету, а таксама не больш, чым некалі Бэнэдыкта XVI ці Яна Паўла II. Біскупы разглядаюць візіт Святога Айца, у першую чаргу, з духоўнай перспектывы.

Упершыню Францішак заявіў пра магчымасць візіту ў Славакію 7 сакавіка 2021 г. падчас зваротнага рэйса з Ірака. Гэта стала нечаканасцю і для славацкіх біскупаў, - прызнаўся арцыбіскуп Зваленскі. Жадаючы даведацца аб шанцы папскага візіту, яны накіравалі ліст у Рым і даведаліся, што Святы Айцец гатовы больш канкрэтна разгледзець дэталі яго рэалізацыі. У пачатку мая дэлегацыя Дзяржаўнага сакратарыята прыехала ў Славакію, каб на месцы даследаваць сітуацыю.

Візіт Францішка стане чацвёртым папскім візітам у Славакію. Першы быў здзейснены Янам Паўлам II у 1990 г., адразу пасля падзення Жалезнай заслоны, калі краіна ўсё яшчэ была часткай нядаўна створанай Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікі (CSFR). Наступныя два яго візіты ва ўжо незалежную Славацкую Рэспубліку адбыліся ў 1995 і 2003 гг.
 

14 ліпеня 2021, 11:59