Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Славакіі: няхай візіт Папы спыніць бессэнсоўныя спрэчкі

Славакіі неабходна ўмацаванне і паглыбленне ў веры, давайце не будзем павярхоўнымі, давайце выкарыстаем наступныя месяцы для паглыблення нашых сэрцаў і думак, - заклікалі славацкія біскупы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пастырскім лісце перад падарожжам Францішка ў краіну каталіцкія іерархі падкрэслілі, што славакі маюць права ганарыцца сваімі старажытнымі хрысціянскімі каранямі, якія адсылаюць да місіі святых Кірыла і Мятода. Без Касцёла не было б нашай гісторыі, - звярнулі ўвагу яны.

Епіскапат адзначыў, што з часу апошняга папскага візіту прайшло 18 гадоў. Народжаныя тады пачынаюць дарослае жыццё. Тыя, хто вітаў Яна Паўла ІІ у Славакіі, перадалі адказнасць новаму пакаленню. Славацкае грамадства змянілася. Сёння, у часы пандэміі і трывогі, людзі падсвядома чакаюць станоўчых навін і падзей. На думку славацкіх біскупаў, гэтым можа стаць візіт Францішка.

“Няхай Святы Айцец дапаможа нам не толькі адкласці ў бок, але і спыніць любыя бессэнсоўныя спрэчкі; няхай ён дасць нам сілы перамагчы нашы страхі; няхай гэта аб'яднае наша грамадства ў цэлым", - заклікаў епіскапат Славакіі перад папскім візітам.

Францішак наведае Браціславу, Прэшаў, Кошыцы і Шашцін 12-15 верасня 2021 г.
 

22 ліпеня 2021, 12:03