Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Курс "Жанчыны і Касцёл" у папскіх ВНУ

"Жанчыны і Касцёл" - дыплом у гэтай галіне можна атрымаць з 19 чэрвеня 2021 г. у рамках навучання ў рымскіх касцёльных універсітэтах, у тым ліку ў пяці папскіх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сумесны дыплом выдаецца: Інстытутам вышэйшых даследаванняў па пытаннях жанчын (ISSD), які дзейнічае ў Папскім Athenaeum Regina Apostolorum, Папскім урбаніянскім універсітэтам, Папскім салезіянскім універсітэтам, Папскім універсітэтам св. Тамаша Аквінскага, Папскім факультэтам адукацыйных навук Auxilium і Інстытутам тэалогіі кансэкраванага жыцця Claretianum.

“Гэты фармацыйны шлях, распрацаваны і ўкаранёны ў некалькіх буйных папскіх універсітэтах, мае на мэце не абмяжоўваць дыскусію да выключна функцыянальных пытанняў, а паглыбляць тэму на аснове агульнай годнасці ахрышчаных і прынцыпу, што пакліканні служаць адно аднаму”, - патлумачыла Аніта Кадавід, дырэктар Інстытута вышэйшых даследаванняў па пытаннях жанчын.

У сваю чаргу Марта Радрыгес, якая працуе ў той жа ВНУ, падкрэсліла, што новы курс з'яўляецца "майстэрняй сінадальнасці". “Мы хочам актывізаваць працэсы, якія падтрымаюць больш эфектыўнае супрацоўніцтва мужчын і жанчын у Касцёле”, - падкрэсліла каардынатар даследаванняў.

Курс адрасаваны духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам, мужчынам і жанчынам, якія ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла на ўзроўні біскупскіх структур, акадэмічнага свету і манаскіх інстытутаў.

Заняткі будуць складацца з некалькіх модуляў. Першы, сацыяльна-гістарычны, прапануе "асноўныя каардынаты гістарычнай эвалюцыі" і разглядае розныя культурныя пытанні. Другі, антрапалагічны (філасофскі і тэалагічны), "паглыбляе значэнне сексуальных адрозненняў чалавечай асобы і складанасць элементаў, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні гендарнай ідэнтычнасці". Трэці модуль, эклезіялагічны, які ўтрымлівае асноўныя ідэі вучэння Другога Ватыканскага Сабору і паслясаборнага перыяду пра свецкіх вернікаў і жанчын. І, нарэшце, марыялагічны модуль "развівае тое, што кажа постаць Марыі пра тоеснасць і місію жанчыны ў Касцёле".
 

23 чэрвеня 2021, 10:44