Vatican News
Кардынал Луіс Рафаэль Сако Кардынал Луіс Рафаэль Сако  (AFP or licensors)

Іракскі кардынал: папскі візіт не прывёў да змен

Сітуацыя хрысціян у Іраку ніяк не змянілася, яны па-ранейшаму не могуць вярнуцца ў свае дамы, адкуль іх выгналі джыхадзісты, і карыстацца поўным грамадзянствам, - адзначыў кардынал Луіс Рафаэль Сако.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Халдэйскі Патрыярх Вавілона падкрэсліў, што іракскія ўлады не выканалі сваіх абяцанняў, дадзеных Францішку. У прыватнасці, не распачаты рамонт храмаў, нічога не зроблена для аднаўлення рэлігійнага турызму.

Кардынал у даволі сумным ключы ацаніў эфекты гістарычнай пілігрымкі Папы. Ён падкрэсліў, што надзея, абуджаная гэтым візітам, усё яшчэ захоўваецца, але пачынае слабець пры адсутнасці хоць якіх-небудзь змен.

“Улады нічога не робяць, каб дапамагчы сасланым хрысціянам вярнуцца ў свае дамы, вярнуць маёмасць, захопленую мусульманамі. Гістарычна хрысціянскія раёны ўсё яшчэ знаходзяцца пад кантролем ісламскіх апалчэнцаў. Міжнародным арганізацыям надзвычай цяжка аказваць дапамогу”, - падкрэсліў іерарх.

Патрыярх вінаваціць у недахопе прагрэсу "палітыкаў, арыентаваных толькі на барацьбу за ўладу і грошы і зусім не зацікаўленых у дабрабыце краіны". Ён звярнуў увагу на неэфектыўнасць дзяржаўных інстытутаў, што дазваляе рознага роду ўзброеным групам усё яшчэ кантраляваць тэрыторыю, адбіраючы ў людзей шанс сацыяльнага і эканамічнага развіцця. Кардынал Сако таксама звярнуў увагу на сур'ёзную нявырашаную праблему – адсутнасць кантролю над гандлем зброяй.

Іракскі іерарх спадзяецца, што сітуацыю могуць змяніць запланаваныя на восень парламенцкія выбары, але, як ён адзначыў, гэта будзе няпроста, бо ў ісламе ўсё яшчэ цяжка аддзяліць палітыку ад рэлігіі.
 

21 чэрвеня 2021, 11:02