11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У Мінску ў ноч на сераду, 19 мая 2021 г. здзейснілі напад на Курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Невядомыя перабраліся праз плот, трапілі на прыватную тэрыторыю, разбілі шкло ў прыпаркаваным аўто, кінулі вазай у дзверы, пашкодзілі дамафон. Біскуп Юры Касабуцкі заклікаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку не выказваць абвінавачванні, пакуль не скончыцца следства. Іерарх адзначыў, што заўсёды падтрымлівае “чалавека церпячага, пераследаванага, якому цяжка”, заахвочвае маліцца за ўсіх тых, каму найбольш патрэбна Божая ласка, каб вытрымаць у выпрабаваннях. Ён папрасіў аб малітве праз заступніцтва бл. Ежы Папялушкі – польскага святара, закатаванага камуністычнымі спецслужбамі.

Праз тыдзень пасля пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, у сераду 19 мая 2021 г. адбылося чарговае пасяджэнне Спецыяльнай камісіі па ліквідацыі яго наступстваў. Біскуп Аляксандр Яшэўскі паведаміў, што правёў сустрэчу ў Міністэрстве культуры, падчас якой былі абмеркаваны сумесныя дзеянні ў аднаўленні храма. На пасяджэнні камісіі вырашылі звярнуцца ў замежныя касцёльныя арганізацыі з просьбай аб фінансавай дапамозе, а таксама актывізаваць малітоўную дзейнасць. У той жа дзень Нацыянальны санктуарый наведаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Паводле яго, пастаўлена задача распрацаваць праект часовага забеспячэння даху святыні і на працягу чэрвеня рэалізаваць яго.

У Браславе ў панядзелак, 17 мая 2021 г., адбылося развітанне з Чаславам Буткевічам – бацькам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, а таксама – сясцёр эўхарыстак Ганны і Алы Буткевіч. Часлаў Буткевіч адышоў у вечнасць 15 мая ва ўзросце 76 гадоў ад пнеўманіі ў Віцебскім абласным шпіталі. Падтрымаць сям’ю ў жалобе ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе сабраліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, іншыя іерархі, кансэкраваныя асобы, родныя і сябры.

У парафіі св. Зыгмунта ў Баранавічах у пятніцу прайшла жалобная святая Імша за загінулых лётчыкаў, а таксама малітва падзякі Божаму Провіду за тое, што захаваў ад трагедыі жыхароў горада. Авіякатастрофа здарылася 19 мая 2021 г. непадалёк ад касцёла. Паводле паведамлення Міністэрства абароны Беларусі, падчас палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся – аднак вышыня была ўжо крытычная, і яны загінулі.

У вігілію ўрачыстасці святога Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі, у санктуарыі ў Іванава адбыўся традыцыйны фэст. У суботу, 15 мая 2021 г. святкаванне распачалося з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой сабраныя маліліся адмысловую літанію, просячы заступніцтва святога. Цэлебрацыю ўрачыстай Імшы ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі 18-19 мая 2021 г. прайшлі рэкалекцыі для святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнікі духоўных практыкаванняў разам маліліся, разважалі над Божым словам, цэлебравалі Эўхарыстыю, адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і радасна перажывалі дар сустрэчы. Духоўныя практыкаванні правёў а. Аркадзь Куляха, кармэліт, які прапанаваў сабратам у святарстве паразважаць аб сузіранні Езуса Хрыста ў штодзённасці.

Беларускі дакументальны фільм Касцёл на крыжы ўзяў першае месца ў катэгорыі Лепшы дакументальны фільм на Ascendance International Film Festival (AIFF), што адбыўся ў Канадзе. На фестываль даслалі звыш 2,5 тыс. фільмаў з розных краін свету. Стужка Касі Растоцкай апавядае пра людзей, якія без зброі паўсталі супраць магутнай сістэмы, пра змаганне савецкіх уладаў з Касцёлам і пра знішчэнне святыняў на тэрыторыі СССР і сучаснай Беларусі.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.
 

22 мая 2021, 10:29