Vatican News
11.jpg

Тыдзень у Беларусі – важнае

Найбольш значныя падзеі, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

Праз два тыдні, якія мінулі пасля пажару ў Будславе, дах Нацыянальнага санктуарыя цалкам расчысцілі і прыступілі да прац па кансервацыі сцен і ўсталяванні часовага даху. Па апошніх апублікаваных звестках, на аднаўленне святыні прыватныя асобы і прадпрыемствы пералічылі ўжо звыш 577 тыс. рублёў. З іх каля 50 тыс. рублёў сабралі ў мінулую нядзелю вернікі ўсіх парафій Беларусі. Апублікавана папярэдняя праграма будслаўскіх урачыстасцей. У яе вырашылі дадаць яшчэ адну св. Імшу – апоўдні 2 ліпеня.

Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў Пінскую дыяцэзію. 22 мая 2021 г. у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах ён асвяціў абраз Маці Божай Апякункі Лясоў, аўтарам якога з’яўляецца Мікалай Кузьміч, вядомы тым, што зрабіў сучасную рэпліку крыжа Еўфрасінні Полацкай. На наступны дзень, у Нядзелю Спаслання Духа Святога, прадстаўнік Папы наведаў Баранавічы. Ён цэлебраваў Імшу перад касцёлам Узвышэння Святога Крыжа – найстарэйшым каталіцкім храмам горада.

23 мая 2021 г., ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Гродна. Ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Духа Святога. Іерарх заклікаў бежмаваных адкрыцца на дзеянне Суцяшальніка, “каб нанова вярнуцца ў стан створаных па вобразу і падабенству Божаму”. Ён нагадаў, што “толькі духоўна пераменены чалавек здольны змяняць аблічча нашай зямлі на лепшае”.

На Астравеччыне ўшанавалі памяць Казіміра Сваяка – беларускага каталіцкага святара Кастуся Стаповіча, які зрабіў вялікі ўнёсак у нацыянальную культуру як паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнаўца і грамадска-палітычны дзеяч. 22 мая 2021 г. у вёсцы Барані Астравецкага раёна, на панадворку хаты, у якой нарадзіўся святар-паэт, цэлебравалі св. Імшу, а затым зладзілі літаратурна-мастацкую кампазіцыю, у якой прагучалі творы Казіміра Сваяка, а таксама вершы і песні яго землякоў з Астравеччыны.

У каталіцкай парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы Лідскага раёна 26 мая 2021 г. развіталіся з Вітольдам Ашуркам, які памёр у шклоўскай калоніі. У парафіі яго ведалі як удзельніка малітоўных груп. Верніка затрымалі падчас масавых палітычных акцый і на закрытым працэсе асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі. Сотні людзей прыйшлі на пахаванне верніка. На могілках ля труны прысутныя праспявалі беларускі духоўны гімн Магутны Божа. Кс. Андрэй Радзевіч, мясцовы пробашч, падчас гаміліі зачытаў свой ліст да Вітольда і адзначыў, што той быў для яго чалавекам, які сваім святлом асвятляў Беларусь.

Падрыхтавана паводле catholic.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

29 мая 2021, 09:59