Vatican News
Святая Сям’я Святая Сям’я 

Рым: выстаўленне каштоўных рэліквій Святой Сям’і

У сувязі з Годам св. Юзафа ў рымскай базыліцы Сан-Сальваторэ-ін-Лаўро 21 мая 2021 г. пачнецца пазачарговае выстаўленне каштоўных рэліквій, звязаных са Святой Сям'ёй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У IV ст. іх прывёз у Рым св. Геранім, які атрымаў іх ад хрысціян Святой Зямлі падчас свайго 20-гадовага знаходжання ў Бэтлееме. Гэта вэлюм Марыі і фрагмент мантыі св. Юзафа.

На працягу 1600 гадоў яны захоўваюцца ў Рыме на Палатыне ў базыліцы Сан-Анастазія і вельмі рэдка выстаўляюцца, дзякуючы чаму яркія фарбы на вэлюме Марыі захоўваюцца і па гэты дзень. У базыліцы Сан-Сальваторэ-ін-Лаўро рэліквіі будуць знаходзіцца на працягу 10 дзён. Вернікі будуць маліцца перад імі аб "ласцы прабачэння і міласэрнасці".

Пазачарговае выстаўленне рэліквій будзе суправаджацца разважаннямі на тэму Апостальскага ліста Францішка пра св. Юзафа Patris corde. Іх прапануюць, між іншым, кардыналы Маўра П'ячэнца, Анджэла Камастры, Дамінік Мамбэрці, Джузэпэ Пэтрокі і арцыбіскуп Рына Фізікела.

Базыліка Найсвяцейшага Збаўцы знаходзіцца ў цэнтры старога горада недалёка ад плошчы Навона. Гэта рымскі санктуарый Маці Божай Ларэтанскай і св. Падрэ Піо.
 

21 мая 2021, 11:20