Vatican News
Падчас візіту Францішка ў Ірак Падчас візіту Францішка ў Ірак 

Кардынал Сако: Францішак паказаў іракскаму народу выхад з пекла

Францішак паказаў іракскаму народу шлях да пабудовы міру, зараз велізарная задача рэалізаваць гэта на практыцы, - заявіў праз месяц пасля гістарычнага папскага візіту ў Ірак Халдэйскі Патрыярх Вавілона.

"Братэрства, павага да разнастайнасці і згода – аснова будучага суіснавання", - адзначыў кардынал Луіс Рафаэль Сако ў інтэрв'ю ватыканскай "L'Osservatore Romano".

Іерарх звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на аб'ектыўныя цяжкасці, Папа адчуў у сваім сэрцы бацькоўскі заклік прынесці суцяшэнне і надзею людзям, якія пакутуюць, і таму не адмовіўся ад паездкі ў Ірак. Дні яго знаходжання сталі натхненнем пасля доўгага пекла.

Паводле іракскага кардынала, самым важным пасланнем пілігрымкі было заахвочванне да пабудовы братэрства і ўзаемнай павагі сярод прадстаўнікоў розных рэлігій.

“Звычайныя людзі гатовыя да перамен, але вялікай перашкодай на гэтым шляху з'яўляюцца палітыкі, якія ў асноўным займаюцца ўласнымі інтарэсамі, пра што падчас сустрэчы з Францішкам казаў аятала Аль-Сістані”

, - звярнуў увагу іерарх.

Паводле Патрыярха, Ірак павінен ператварыцца з рэлігійнай дзяржавы ў свецкую, у краіну, дзе будзе гарантавана свабода сумлення і культу. Ён адзначыў, што правы іракцаў павінны грунтавацца на іх грамадзянстве, а не на рэлігійнай прыналежнасці. "У свецкай дзяржаве ніхто не адсячэ вам руку за крадзеж, не пазбавіць волі за парушэнне посту падчас Рамадана і не пакарае вас за выбар іншай рэлігіі", - падкрэсліў Патрыярх.

Ён дадаў, што рэлігійны сектарызм быў створаны пасля краху старога рэжыму з пэўнай мэтай. Сёння маладыя іракцы патрабуюць роўнасці і роўных грамадзянскіх правоў усім жыхарам. Патрыярх адзначыў, што ментальнасць іракцаў павінна змяніцца. Трэба адысці ад логікі помсты. Той, хто даруе, мацнейшы за таго, хто хоча адпомсціць.

“Нам патрэбныя прабачэнне і прымірэнне, каб пабудаваць агульнае дабро, як гэта зрабіў Нэльсан Мандэла ў ПАР. Для дасягнення прагрэсу і міру ў Іраку неабходна новая культура адкрытасці, якая паважае разнастайнасць”, - падкрэсліў кардынал Сако.
 

12 красавіка 2021, 12:05