Пошук

Мемарыял ахвярам генацыду армян у Ерэване Мемарыял ахвярам генацыду армян у Ерэване 

Кардынал-прэфект: генацыд армян – пляма на гісторыі чалавецтва

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў прыняў удзел у літургіі, прымеркаванай да 106-гадавіны генацыда армянскага народа. Яна прайшла 24 красавіка 2021 г. у Папскім армянскім калегіуме ў Рыме.

Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Рафаэль Мінасян, ардынарый для католікаў армянскага абраду ва Усходняй Еўропе. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі рымскай армянскай супольнасці і дыпламаты.

Кардынал Леанарда Сандры прамовіў гамілію, у якой нагадаў пра старажытную хрысціянскую гісторыю Арменіі, пра вялікіх святых і асветнікаў гэтага народу. Ён падкрэсліў, што малітва за ахвяр генацыду, гэта “не палітычны акт”, а “хрысціянскі ўспамін пра тых, хто нас пакінуў”, падчас якога “даручаем Богу іх і саміх сябе”, просячы аб “навяртанні ўсіх сэрцаў – тых, якія ўчынілі зло, а таксама нашых, якія заўсёды патрабуюць аздараўлення бальзамам Божай міласэрнасці”.

Іерарх назваў драму 106-гадовай даўніны “плямай на гісторыі ўсяго чалавецтва, а не толькі тых, хто быў галоўным адмоўным героем таго часу, або маўчаў, з абыякавасці ці саўдзелу”.

Ватыканскі прэфект нагадаў, што ў армянскай традыцыі генацыд атрымаў назву Вялікага злачынства. “Гэта назва прымушае нас штодзённа лічыцца з пытаннем аб зле ў чалавечай гісторыі, а асабліва ў нашай асабістай гісторыі, калі ідзем на кампрамісы са спакусай, калі перастаем слухаць Божае слова, калі застаемся раўнадушнымі да братоў ці, яшчэ горш, калі імкнемся зрабіць ім зло, замест таго, каб павялічваць колькасць ласкаў і дабра ў іх адносінах. Вялікае зло звяртаецца да нашых штодзённых малых правінаў, бо вялікім адмоўным падзеям заўсёды папярэднічае прадгісторыя паступовага знячулення сумлення”, - сказаў ён.

Кардынал Сандры заўважыў, што нягледзячы на пераслед і пакут армяне не згубілі веру, а іх папярэднікі сталі, як евангельскае зерне, што ўпала ў зямлю, каб памерці і прынесці многія новыя плады.

 

24 красавіка 2021, 11:34