Латэранскі палац Латэранскі палац 

Латэранскі палац стане месцам культурнага жыцця – рашэнне Папы

Францішак прызначыў пабудовы, што прылягаюць да папскай базылікі св. Яна на Латэране, у комплексе, здаўна вядомым як Латэранская патрыяршая рэзідэнцыя, на ажыццяўленне музейнай і культурнай дзейнасці.

Пра сваё рашэнне Пантыфік паведаміў у лісце да кардынала Анджэла Дэ Данаціса, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.

“На працягу стагоддзяў Касцёл заўсёды імкнуўся пашыраць тое, што з’яўляецца плёнам генія і майстэрства мастакоў, часта сведчаннем досведу веры і спосабам праслаўлення Бога. І рабіў гэта не толькі з любові да мастацтва, але і для захавання культурнай спадчыны перад абліччам выклікаў і небяспечных падзей, якія маглі б пазбавіць яе сваёй функцыі і каштоўнасці”, - такімі словамі пачынаецца пасланне Святога Айца.

“Такая асаблівая адказнасць у суправаджэнні ўважлівага клопату пра месцы, будынкі і творы, што выяўляюць чалавечы дух і з’яўляюцца неад’емнай часткай культуры чалавецтва, дазволіла маім папярэднікам перадаць іх некалькім пакаленням і паспрыяць іх захаванню, зрабіць даступнымі для наведвальнікаў і даследчыкаў. Гэтае заданне і сёння абавязвае Біскупа Рыма рабіць так, каб прыгажосцю і значнасцю матэрыяльных дабротаў і мастацкай спадчыны, даручаных яго ахове, карысталіся”, - гаворыцца ў лісце ад 21 лютага 2021 г.

Францішак запэўніў, што, прымаючы рашэнне аб перадачы аб’ектаў, прыбудаваных да папскай базылікі св. Яна на Латэране, ён “усведамляў прыроду, якую прыпісваюць гэтаму комплексу гістарычны шлях і падзеі, а таксама палажэнні Латэранскіх пагадненняў”.

Папа запэўніў кардынала Дэ Данаціса, што ў гэтай справе пурпурат “будзе дзейнічаць у супрацоўніцтве з кіраўнічымі органамі Дзяржавы Ватыкан і, у выпадку неабходнасці, з аператыўнымі органамі Губернатарату, улічваючы дзеючыя палажэнні адносна экстэрытарыяльных зон у кантэксце іх адмысловага юрыдычнага статусу”.

Латэранская базыліка, да якой прымыкае аднайменны палац, з'яўляецца катэдральным саборам Рымскай дыяцэзіі. На працягу стагоддзяў Латэранскі палац быў афіцыйнай рэзідэнцыяй Пантыфікаў. У цяперашні момант у ім знаходзіцца Гістарычны музей Папскай дзяржавы, офісы Рымскага вікарыяту і рэзідэнцыя Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.
 

17 сакавіка 2021, 09:12