Лагатым падарожжа Францішка ў Ірак Лагатым падарожжа Францішка ў Ірак 

Каардынатар падарожжа Папы ў Ірак пра яго значэнне

Дэвіз папскага візіту ў Ірак “Вы ўсе – браты” абагульняе жаданні і мары народа, які пакутуе ад войнаў і тэрактаў, - заўважыў біскуп Базэль Ялдо, дапаможны біскуп Багдада і каардынатар папскага падарожжа.

Іерарх адзначыў, што гэта першы ў гісторыі і адначасова доўгачаканы візіт Пантыфіка ў краіну, размешчаную паміж Тыграм і Еўфратам. Пілігрымка Францішка нясе вялікую надзею на жыццё без войнаў, спрэчак і канфліктаў у атмасферы ўзаемнай павагі і цярпімасці для ўсяго народа Ірака.

Біскуп Ялдо звярнуў увагу на тое, што Святы Айцец пачне візіт з Багдада днём 5 сакавіка 2021 г., дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ўлады: Прэзідэнтам і Прэм'ер-міністрам, а таксама дыпламатычным корпусам. У халдэйскай катэдры ён будзе цэлебраваць св. Імшу, а затым наведае сіра-каталіцкую катэдру, у якой у выніку нападу ў 2010 г. загінулі амаль 50 чалавек.

“Самым важным этапам падарожжа Святога Айца будзе візіт у Ур-Халдэйсці на поўдні Ірака, адкуль наш айцец Абрагам адправіўся рэалізаваць даручаную Богам місію. Тут адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў усіх рэлігій: хрысціян, мусульман, яўрэяў, язідаў, сабейцаў... У праграме таксама супольная малітва. У Масуле пройдзе трэці этап пілігрымкі. Для нас гэта вельмі важны горад, бо большасць хрысціян, якія жывуць у Іраку, паходзяць адсюль”, - падкрэсліў біскуп.

Ён звярнуў увагу на тое, што “старажытны горад Асірыйскай імперыі Нінэвія сёння называецца Масул”. “Тут Папа таксама будзе маліцца за ахвяр войнаў і гвалту падчас акупацыі гэтых зямель Ісламскай дзяржавай. За адну ноч з горада было выгнана звыш 120 тыс. хрысціян”, - нагадаў іерарх.

Святы Айцец таксама наведае Каракош, хрысціянскі горад на Нінэвійскай раўніне, дзе ў цяперашні час аказваецца папярэдняя дапамога высланым паслядоўнікам Хрыста, каб яны маглі вярнуцца на свае землі. Францішак таксама прыедзе ў Эрбіл, што ў рэгіёне Курдыстана, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю, у якой, верагодна, прымуць удзел каля 10 тыс. чалавек., хрысціян з усяго рэгіёна. Візіт у гэты горад таксама прадэманструе, што Папа прыязджае да ўсіх іракцаў, - звярнуў увагу ў інтэрв’ю Vatican News дапаможны біскуп Багдада.
 

17 лютага 2021, 12:23