Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новы прадстаўнік Касцёла па справах рэканструкцыі Нотр-Дам

74-гадовы біскуп-эмерыт Версаля Эрык Амонье стаў новым упаўнаважаным касцёльных улад па справах рэканструкцыі сабора Нотр-Дам у Парыжы.

У каардынацыйнай групе іерарх заменіць Генеральнага вікарыя Парыжскай архідыяцэзіі, 52-гадовага кс. Бенуа дэ Сінэці, - паведаміла каталіцкае выданне La Croix.

Кіраўніком Каардынацыйнай рады па рэканструкцыі з’яўляецца былы генерал Жан-Луі Жоржэлен, упаўнаважаны Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.

“На вырашальным этапе рэканструкцыі, які пачынаецца зараз, ёсць патрэба ў чалавеку, які будзе цалкам гатовы да выканання гэтых задач”, - сказала прэс-сакратар Рады Карын Дале. Пераемнікам біскупа Амонье ў Версалі Францішак прызначыў 62-гадовага біскупа Люка Крэпі.

У снежні 2020 г. завяршыўся важны этап у працах, якія вядуцца ў гатычнай катэдры. Было цалкам разабрана 200-тоннае рыштаванне на даху, усталяванае перад пажарам для рэканструкцыі шпіля Нотр-Дам. З пачатку чэрвеня было разабрана 40 тыс. элементаў рыштавання на вышыні да 40 метраў.

Падчас пажару Нотр-Дам 15 красавіка 2019 г. агонь ахапіў частку даху, знішчыў шпіль і частку скляпення.

Усё павінна быць адбудавана згодна з гістарычным выглядам святыні. Як сказаў Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, працы павінны завяршыцца да запланаваных на 2024 г. летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы.
 

09 лютага 2021, 11:26