Патрыярх Барталамей I з Патрыярхам Кірылам. Ілюстрацыйнае фота Патрыярх Барталамей I з Патрыярхам Кірылам. Ілюстрацыйнае фота 

Барталамей I абверг існаванне расколу ў праваслаўі

У праваслаўі няма расколу, пераконвае ў шырокім інтэрв'ю, апублікаваным у каталіцкай Avvenire і пратэстанцкіх Nederlands Dagblad і Kristeligt Dagblad, Патрыярх Барталамей I.

Адказваючы на пытанне аб моцнай напружанасці паміж Маскоўскім і Канстантынопальскім Патрыярхатамі пасля прызнання аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны, духоўны кіраўнік праваслаўя падкрэсліў, што з боку Царквы Расіі існуе іншае бачанне ўкраінскага пытання, але гэта не сведчыць аб расколе ў праваслаўі.

Патрыярх звярнуў увагу на тое, што тэорыя "расколу" зыходзіць ад некаторых прадстаўнікоў РПЦ, якія імкнуцца апраўдаць яе гатоўнасць разарваць эўхарыстычную лучнасць з кожнай аўтакефальнай Царквой або іерархам, якія не згодны з яе меркаваннем.

“Па ўкраінскім пытанні мы зрабілі тое ж, што і ў іншых выпадках аўтакефаліі. Мы прытрымліваліся праваслаўнай традыцыі, усталяванай шматвяковай царкоўнай практыкай. Нагадаю, што Канстантынопаль раней даў аўтакефалію дзевяці іншым памесным Цэрквам”, - патлумачыў Барталамей I.

Ён лічыць, што “калі б Масква праявіла гатоўнасць супрацоўнічаць, ведаючы аб новых гістарычных, сацыяльных і царкоўных умовах, гэтае пытанне было б вырашана шмат гадоў таму”. На яго думку, “прызнанне аўтакефаліі Царквы Украіны Канстантынопальскім Патрыярхатам было не толькі эклезіялагічна і кананічна правільным, але і адзіным рэалістычным рашэннем праблемы”.

Патрыярх абверг, што гэта было зроблена, як мяркуюць некаторыя, дзеля палітычных або геапалітычных інтарэсаў. Ён назваў рашэнне “актам адказнасці з боку Царквы-Маці перад мільёнамі праваслаўных братоў, якія не па сваёй віне апынуліся па-за Царквой”.

Барталамей I падтрымаў ідэю сустрэчы розных хрысціянскіх Цэркваў у 2025 г. у Нікеі (сённяшні горад Ізнік на паўночным захадзе Турцыі) праз 1700 гадоў пасля першага экуменічнага Сабору, на якім быў сфармуляваны Сімвал веры. На яго думку, гадавіна можа стаць магчымасцю для хрысціянскіх канфесій паразважаць над уласным шляхам, над памылкамі мінулага і сучаснасці і больш рашуча стаць на экуменічны шлях.
 

15 лютага 2021, 13:11