Пошук

Vatican News
Мітрапаліт Філарэт Мітрапаліт Філарэт 

Католікі Беларусі з удзячнасцю ўзгадваюць Мітрапаліта Філарэта

Каталіцкія пастыры і вернікі Беларусі падзяляюць смутак праваслаўных братоў з прычыны смерці Мітрапаліта Філарэта. Ён быў энтузіястам развіцця добрых каталіцка-праваслаўных адносін, не толькі ў межах краіны.

“Адкрытасць спачылага Мітрапаліта Філарэта да дыялогу вельмі паспрыяла развіццю і ўмацаванню ўзаемаразумення і братэрскіх адносін паміж Праваслаўнай і Рыма-Каталіцкай Цэрквамі”, - адзначыў у сваёй спачувальнай тэлеграме на імя Мітрапаліта Веніяміна прадстаўнік Святога Айца ў Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

“З адыходам гэтага дастойнейшага Архіпастыра Беларуская Праваслаўная Царква панесла незаменную страту: пайшоў з жыцця яе шматгадовы духоўны лідар”, - напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Уладыка Філарэт, з якім мяне ядналі повязі братняга сяброўства, шмат у чым стаў для мяне прыкладам і настаўнікам, за што я яму асабліва ўдзячны”, - дадаў іерарх.

У пятніцу, 15 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю св. Імшы за спачылага.

“Сваёй праўдзівай хрысціянскай любоўю і шчырай павагай да кожнага чалавека, адкрытасцю і ўключанасцю ў братэрскі дыялог з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў нашай краіне Мітрапаліт Філарэт здабыў вялікі аўтарытэт таксама сярод духавенства і вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і застанецца назаўсёды ў іх удзячнай памяці”, - напісаў у спачувальна тэлеграме ад імя беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі памёр 12 студзеня 2021 г. на 86-м годзе жыцця. З 15 снежня 2020 г. іерарх знаходзіўся ў адной з мінскіх клінік, у яго быў пацверджаны каронавірус.
 

14 студзеня 2021, 11:41