Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак высока ацаніў дзейнасць каталіцкіх дабрачынцаў Бельгіі

Пантыфік скіраваў пасланне двум бельгійскім дабрачынным асацыяцыям Entraide et Fraternité і Action Vivre. Яно было апублікавана ў Ватыкане 29 студзеня 2021 г.

Францішак узгадаў гісторыю ўзнікнення ініцыятыў. У 1961 г. бельгійскія біскупы вырашылі распачаць кампанію Падзяліцца Вялікім Постам (Carême de partage) і прапанавалі католікам зрабіць свой уклад на карысць Конга, якое стала незалежным. Яны заснавалі для гэтага асацыяцыю Entraide et Fraternité, якая ўжо на працягу 60 гадоў вядзе дабрачынную дзейнасць, прычым не толькі ў Бельгіі, а ў многіх іншых краінах.

У 1971 г. біскупы выступілі з іншай ініцыятывай Action Vivre для арганізацыі адвэнтавай кампаніі і дапамогі асацыяцыям, якія змагаюцца з беднасцю ў самой Бельгіі.

“Віншую дзве вашы арганізацыі за вернасць у выкананні місіі, і ад усяго сэрца дзякую ўсім, хто ўзяў на сябе абавязкі валанцёраў, персаналу і дабрачынцаў”, - напісаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што сённяшнія выклікі звязаны з крызісам COVID-19, які закрануў увесь свет, страшэнна ўдараючы па бедных і пакінутых. Ён заклікаў асацыяцыі, валанцёраў, партнёраў і донараў не пераставаць змагацца з галечай і нястомна выконваць місію сацыяльнага сяброўства і братэрства. “У нас усіх адна мэта: пабудаваць больш справядлівы і братэрскі свет”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

29 студзеня 2021, 12:32