Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

76 касцёльных будынкаў у Харватыі пацярпелі ў выніку землятрусу

У выніку землятрусу, які адбыўся ў Харватыі 29 снежня 2020 г., былі знішчаны або пашкоджана 76 храмаў і іншых касцёльных будынкаў. І гаворка ідзе толькі пра Сісакскую дыяцэзію, дзе знаходзіўся эпіцэнтр.

17 касцёлаў было знішчана, 15 – моцна пашкоджана, 7 – пашкоджана часткова. Пацярпелі таксама 24 капліцы. Разбурана 7 парафіяльных дамоў, 6 кляштарам была нанесена сур’ёзная шкода.

Таксама пацярпелі касцёльныя будынкі ў суседняй Заграбскай архідыяцэзіі, у тым ліку Базыліка Сэрца Езуса, гістарычны будынак калегіўма і манаскага дома езуітаў.

Землятрус магнітудай 6,4 меў эпіцэнтр у 3 км ад горада Петрынья, у 47 км на поўдзень ад Заграба. 7 чалавек загінулі і 26 атрымалі раненні.

Сваю салідарнасць з жыхарамі Харватыі выказалі і Францішак, і Бэнэдыкт XVI. Касцёл працягвае дапамагаць пацярпелым. Caritas Харватыі, Венгрыі і Італіі неадкладна накіравалі ў месца землятрусу матэрыяльную дапамогу і будаўнічыя матэрыялы. Сродкамі дабрачыннай арганізацыі было прафінансавана набыццё 100 жылых модуляў для людзей, якія ў выніку прыроднага бедства засталіся без даху над галавой.
 

19 студзеня 2021, 12:47