Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 

Арцыбіскуп Кандрусевіч: весці дыялог у любой сітуацыі

“Ні я, ні хто-небудзь іншы ў нашым Касцёле не заклікаў да пратэстаў, мы заўсёды прытрымліваемся сацыяльнага вучэння і запрашаем да мірнага вырашэння канфліктаў”, - заявіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Старшыня епіскапату патлумачыў у інтэрв’ю KAI, што прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі выступаюць супраць хлусні, гвалту і несправядлівасці.

У цяперашні час арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі знаходзіцца ў польскай Сакулцы на беларускай мяжы. Гаворачы пра сваю працу “біскупа-выгнанніка”, ён прызнаўся, што падтрымлівае штодзённыя кантакты з дыяцэзіяй праз мабільную сувязь і інтэрнэт, а бягучымі справамі займаюцца дапаможныя біскупы, адзін у Мінску, а другі ў Магілёве.

“Я ўвесь час адсочваю сацыяльна-палітычную сітуацыю ў Беларусі і крызіс, звязаны з пандэміяй каронавіруса, асабліва цяпер, калі колькасць выпадкаў значна вырасла”, - заявіў іерарх.

“Усё ў Божых руках, і ў гэтым мой аптымізм. Тое, што мы перажываем сёння, – гэта нясенне крыжа, які заўсёды суправаджае хрысціянства. Таму трэба несці яго з упэўненасцю”

, - дадаў ён.

Гаворачы пра пратэсты ў Беларусі, арцыбіскуп адзначыў: “Я неаднаразова заахвочваў да дыялогу і стварэння свайго роду “круглага стала”, але пакуль безвынікова. Лічу, што для пошуку згоды неабходна весці дыялог у любой сітуацыі. Калі людзі садзяцца за стол, нават калі ён вуглаваты, і пачынаюць размаўляць, варта верыць, што з гэтага нешта атрымаецца, нават калі ўсе маюць розныя думку і сваю рацыю. Тое, што мы вельмі розныя і маем розныя пункты гледжання, не азначае, што мы павінны быць ворагамі. Ва ўсіх сацыяльных і палітычных канфліктах мы не можам шукаць толькі “сябе” ці “сваёй перавагі”. Мы павінны ведаць, што ўсе мы працуем на карысць краіны, і ёсць людзі, якія думаюць інакш. Я веру, што адзіны спосаб прыйсці да ісціны – гэта дыялог. Таксама няма іншага спосабу пераадолення падзелаў, нават калі яны вельмі глыбокія”.

31 жніўня 2020 г. беларускія памежнікі адмовілі арцыбіскупу Кандрусевічу ўезду ў краіну.
 

10 снежня 2020, 13:23