Пошук

Vatican News
Арцыбіскуп Кандрусевіч. Фота catholic.by Арцыбіскуп Кандрусевіч. Фота catholic.by 

Арцыбіскуп Кандрусевіч: не дапусціць “духоўнага каранціну”

Мы павінны будаваць нашу Бацькаўшчыну як цывілізацыю жыцця і любові, і гэта не магчыма рабіць нянавісцю і гвалтам, патрэбна ўзаемная любоў, - напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім калядным пасланні.

“Бог не ўспрымае ганарлівасці, бо яна дэмаралізуе чалавека. Бог прыходзіць, каб пакорай перамагчы ганарлівасць. Цемра не можа перамагчы цемру: толькі святло ў сілах зрабіць гэта. Нянавісць не можа перамагчы нянавісць: гэта пад сілу толькі любові. Ганарлівасць не можа перамагчы ганарлівасць: толькі пакора ў стане гэта ўчыніць. Менавіта таму Бог прыходзіць у гэты свет у атмасферы пакоры”, - напісаў старшыня беларускага епіскапату.

На яго думку, “калі завершыцца наша зямная гісторыя і будуць напісаны апошнія кнігі, то адзін з самых сумных сказаў будзе наступны: “У „доме“ чалавечага сэрца не было месца для Езуса”. Іерарх называе “дзіўным і сумным” тое, “што Бог проста не пасуе сучаснаму свету і не ўпісваецца ў яго” – “не адпавядае нашаму парадку дня, нашым графікам, нашым прыярытэтам”.

Арцыбіскуп адзначае эфектыўнасць каранціну, як супрацькавіднай меры, але заклікае “не ізалявацца ад Хрыста і Яго Евангелля”, не дапусціць “духоўнага каранціну”.

“Гэта вельмі важна цяпер у нашай Бацькаўшчыне Беларусі, якая перажывае нябачаны ў сваёй гісторыі грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца ўжо пяць месяцаў”

, - адзначыў іерарх у тэксце, апублікаваным catholic.by.

На яго думку, сярод шматлікіх рашэнняў, якія прапануюць палітыкі, эканамісты і грамадскія дзеячы, не можна забыцца аб галоўнай прычыне крызісу – адсутнасці ў чалавечым сэрцы Езуса з Яго законам любіць Бога і бліжняга, прабачаць, нават сваім ворагам, быць справядлівым.

“Мы павінны будаваць нашу Бацькаўшчыну як цывілізацыю жыцця і любові. Не зможам зрабіць гэтага нянавісцю і гвалтам, але ўзаемнай любоўю, бо не можам злоўжываць самі сабой”, - лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Дамо месца Езусу, каб Ён сваёй ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам ХХІ стагоддзя, а мы - дзецьмі Божымі, якімі Ён апякуецца і бароніць ад эпідэміі як фізічнага, так і грахоўнага вірусаў, каб наша Бацькаўшчына нанава стала краінай міру, узаемнай любві і ўзаемапавагі”, - такім заклікам завяршаецца пасланне арцыбіскупа Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2020 года.
 

15 снежня 2020, 12:43