Пошук

Vatican News
Папа Францішак і арцыбіскуп Сільвана Тамазі Папа Францішак і арцыбіскуп Сільвана Тамазі  (Vatican Media)

Пантыфік прызначыў новага дэлегата пры Мальтыйскім Ордэне

Кардынал-элект Сільвана Марыя Тамазі стаў Спецыяльным дэлегатам Папы пры Суверэнным Мальтыйскім Ордэне. Іерарх змяніў на пасадзе кардынала Анджэла Бэчу.

Святы Айцец скіраваў ліст да новапрызначанага іерарха, у якім заклікаў яго супрацоўнічаць з выконваючым абавязкі Назіральніка і Вялікага Каменданта Ордэна, а таксама з будучым Вялікім магістрам.

Пасля смерці папярэдняга Вялікага магістра, брата Джакама Дала Торэ дэль Тэмп’ё дзі Сангвінэта, які адышоў у вечнасць 29 красавіка 2020 г. у 75-гадовым узросце, пасада застаецца вакантнай.

З лютага 2017 г. Спецыяльным делегатам пры Мальтыйскім Ордэне быў кардынал Анджэла Марыя Бэчу, які напрыканцы верасня сышоў у адстаўку і адмовіўся ад усіх кардынальскіх прывілей.

Пантыфік заўважыў, што арцыбіскуп Тамазі “надзяляецца ўсімі неабходнымі паўнамоцтвамі для вырашэння пытанняў, якія могуць узнікнуць падчас выканання яго місіі”, у тым ліку для прыняцця прысягі наступнага Вялікага магістра. Ватыканскі дыпламат будзе таксама “выключным прадстаўніком Папы ва ўсіх справах, што тычыцца адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Мальтыйскім Ордэнам”.

“Прашу Вас выконваць служэнне майго дэлегата да завяршэння працэсу абнаўлення Канстытуцыйнай хартыі і Мальтыйскага кодэкса, а таксама пакуль я буду лічыць гэта карысным для Ордэна”, - напісаў Святы Айцец.

80-гадовы арцыбіскуп Сільвана Марыя Тамазі – іерарх з вялікім досведам. Ён пачаў сваё служэнне Святому Пасаду ў 1989 г. з працы ў Папскай радзе пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Быў нунцыем у Эфіопіі, Эрытрэі, Джыбуці, Пастаянным назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Прадстаўніком Апостальскай Сталіцы пры Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

26 кастрычніка 2020 г. Папа назваў імя арцыбіскупа Тамазі сярод тых, хто атрымае кардынальскую годнасць падчас кансісторыя 28 лістапада.
 

02 лістапада 2020, 10:37