Пасяджэнне Вярхоўнай дзяржаўнай рады Мальтыйскага Ордэна. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Вярхоўнай дзяржаўнай рады Мальтыйскага Ордэна. Ілюстрацыйнае фота 

Мальтыйскі Ордэн абярэ новае кіраўніцтва

Вярхоўная дзяржаўная рада Мальтыйскага Ордэна сустрэнецца 7 лістапада 2020 г. у Рыме, каб абраць новае кіраўніцтва. Гаворка ідзе пра пераемніка Вялікага магістра Фра Джакама Дала Торэ, які памёр у красавіку.

Нягледзячы на пандэмію каронавіруса, прыбудуць 40 з 50-ці членаў Рады, - заявіў Вялікі канцлер Альбрэхт фон Бёзэлагер. Пасля смерці Дала Торэ часовым кіраўніком стаў 80-гадовы партугалец Руй Гансала-ду-Валье Пейшота-дэ-Вілас-Боас.

Наступствы пандэміі каронавіруса паўплывалі на працу мальтыйцаў у сферы гуманітарнай дапамогі і догляду за хворымі і пажылымі людзьмі. “Нам прыйшлося змяніць некаторыя праекты, а некаторыя нават адмяніць. Абнадзейвае тое, наколькі неверагодна канструктыўна спраўляюцца з сітуацыяй нашы члены, супрацоўнікі і валанцёры”, - сказаў фон Бёзэлагер агенцтву KNA.

Ёсць таксама наступствы для палітычнай дзейнасці Ордэна. “Шмат што можна зрабіць з дапамогай відэаканферэнцый. Але гэта мае свае абмежаванні. Непасрэдны кантакт незаменны”, - заўважыў Вялікі канцлер.

Як каталіцкі, Суверэнны Мальтыйскі Ордэн падпарадкоўваецца Апостальскай Сталіцы. У той жа час, гэта асобны суб’ект міжнароднага права. Вялікі магістр прымаецца як кіраўнік дзяржавы падчас дзяржаўных візітаў. Ордэн падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 107 краінамі.

Згодна з афіцыйнымі данымі, да Ордэна належаць 13,5 тыс. мужчын і жанчын, а таксама каля 120 тыс. ганаровых і штатных супрацоўнікаў. Яны актыўна працуюць ва ўсім свеце ў сферах развіцця, дабрачыннасці і аховы здароўя.

Некалькі дзён таму Пантыфік прызначыў свайго новага Спецыяльнага дэлегата пры Мальтыйскім Ордэне. Ім стаў кардынал-элект Сільвана Марыя Тамазі. Ён ад імя Папы будзе суправаджаць мальтыйцаў у працэсе духоўнага і прававога абнаўлення, які працягваецца ўжо некалькі год.
 

03 лістапада 2020, 12:53