Пошук

Vatican News
Кардынал Маўра П’ячэнца Кардынал Маўра П’ячэнца  

Пэнітэнцыярый патлумачыў сэнс дэкрэта аб адпусце за памерлых

Пашырэнне магчымасці атрымаць поўны адпуст на працягу ўсяго лістапада з’яўляецца адказам Касцёла на шматлікія просьбы мясцовых епіскапатаў.

Асноўная мэта новых правілаў – даць магчымасць вернікам атрымаць поўны адпуст у цяперашніх умовах пандэміі COVID-19. Апостальскі Пэнітэнцыярый, кардынал Маўра П’ячэнца пракаментаваў у інтэрв’ю Vatican News дэкрэт, абнародаваны 23 кастрычніка 2020 г.

Каб пазбегнуць адначасовага збірання вернікаў на могілках і ў храмах, яны змогуць наведваць месцы культу і памяці цэлы месяц, выконваючы звычайныя ўмовы, устаноўленыя Касцёлам для атрымання такога адпусту і ахвяравання яго за памерлых. Гаворка ідзе пра знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі, прыняцце св. Камуніі і малітву ў інтэнцыях Папы.

Кардынал нагадаў, што ў звычайных умовах адпуст можна атрымаць кожны дзень з 1 па 8 лістапада, наведваючы могілкі і молячыся за тых, хто адышоў у вечнасць, а 2 лістапада таксама наведваючы храм і молячыся “Ойча наш” і “Веру”.

Апостальская Пэнітэнцыярыя пастанавіла, што сёлета можна атрымаць поўны адпуст нават не выходзячы з дому, калі ў каго-небудзь з гэтым узнікнуць праблемы. Акрамя таго, удзел у літургіі 2 лістапада быў пашыраны на ўвесь месяц: вернік можа сам абраць дзень для ўдзелу ў Эўхарыстыі.

Пажылыя і хворыя, а таксама тыя, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выходзіць з дому ў сувязі з адміністрацыйнымі абмежаваннямі, звязанымі з пандэміяй, маюць магчымасць атрымаць адпуст молячыся Ютранню ці Нешпарамі за памерлых, Ружанцам або Каронкай да Божай Міласэрнасці ці іншымі малітвамі за памерлых, а таксама разважаючы над евангельскім урыўкам, прызначаным для літургіі за памерлых, здзяйсняючы ўчынкі міласэрнасці, ахвяруючы Богу пакуты і нястачы свайго жыцця.

Кардынал П’ячэнца нагадаў таксама аб сакавіцкім дэкрэце Пэнітэнцыярыі, які дае магчымасць атрымання поўнага адпусту хворым з каронавірусам, тым, хто праходзіць каранцін, медыцынскім работнікам і членам сям’яў, якія падвяргаюцца рызыцы заражэння, дапамагаючы хворым. Поўны адпуст могуць атрымаць і вернікі, якія ў момант смерці не змаглі прыняць сакрамэнт хворых і Віятык.

Не гледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, іерарх заклікаў максімальна палегчыць наведванне касцёла людзям, якім складана ўдзельнічаць у літургіі дыстанцыйна, але рабіць гэта з захаваннем усіх правілаў бяспекі.

Ён таксама адзначыў важнасць інтэграцыйнага аспекту ўрачыстасцей 1 і 2 лістапада: у гэтыя дні сем’і сустракаюцца разам, каб ушанаваць памяць сваіх памерлых.

У заключэнне кардынал П’ячэнца адзначыў, што ў нашы дні “мы пакліканы жыць упэўненасцю ў славе і вечным благаслаўленні, з пакорай і даверам просячы прабачэння для тых, хто пакінуў нас, за іх малыя і вялікія памылкі, за тых, хто ўжо быў збаўлены ў любові”.

Адпуст (лац. indulgentia), у тэалагічным значэнні – ласка Духа Святога, якая вылечвае ад наступстваў граху. З касцёльна-прававога пункту гледжання – вызваленне ад часовага пакарання за грахі, у якіх грэшнік ужо пакаяўся і віна за якія яму была дараваная ў сакрамэнце споведзі. Гэта вызваленне хрысціянін атрымлівае дзякуючы пасрэдніцтву Хрыста і малітоўнаму заступніцтву святых.
 

24 кастрычніка 2020, 11:50