Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал пра перспектывы каталіцка-пратэстанцкай інтэркамуніі

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству пацвердзіў “не” Святога Пасаду для эўхарыстычнай супольнасці католікаў і пратэстантаў у Германіі.

Кардынал Курт Кох у інтэрв’ю нямецкаму выданню Herder-Korrespondenz патлумачыў, чаму Кангрэгацыя Веравучэння ўказвае на значныя адрозненні ў разуменні Эўхарыстыі і Касцёла і чаму ў цяперашні час інтэркамунія паміж католікамі і лютэранамі выключана.

Ліст Кангрэгацыі з’яўляецца сур’ёзным аналізам тэксту дакумента: “Разам за сталом Пана”, апублікаванага ў верасні 2019 г. па ініцыятыве нямецкай Экуменічнай рабочай групы каталіцкіх і лютэранскіх тэолагаў (ÖAK).

Кангрэгацыя Веравучэння звяртае ўвагу на праблемы, якія Рабочая група лічыць вырашанымі, але якія такімі не з’яўляюцца і патрабуюць далейшага абмеркавання і паглыблення: “пытанні дакладнага разумення Эўхарыстыі і Вячэры Пана, узаемасувязі Эўхарыстыі і Касцёла, служэння пасвячэння і ўзаемасувязі хросту і Эўхарыстыі”.

Мяркуецца, што пратэстанцкая Вячэра Пана і Каталіцкая Эўхарыстыя – гэта, па сутнасці, дзве розныя формы адной падзеі, - звярнуў увагу кардынал Кох, які ўдзельнічаў у рабоце Кангрэгацыі Веравучэння па гэтай праблеме. Ён падкрэсліў, аднак, што тут існуюць сур’ёзныя разыходжанні і што “высновы, якія з’явіліся ў дакуменце ÖAK, не адпавядаюць сённяшняй экуменічнай сітуацыі”.

Ватыканскі іерарх думае, што вывады Кангрэгацыі, накіраваныя ў Канферэнцыю Біскупаў Германіі, будуць “ухвалены” Францішкам. “Я таксама чуў з іншых крыніц, што Папа ў асабістых дыскусіях на гэтую тэму выказваў сваю занепакоенасць. І не толькі ў пытанні эўхарыстычнай супольнасці, але і ў цэлым адносна сітуацыі Касцёла ў Германіі”, - прызнаўся Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

“У лісце з Рыма было ясна паказана, што дакумент Экуменічнай рабочай групы ўзнімае праблемы, якія Касцёл у дадзенай краіне не можа проста вырашыць для сябе. У любым выпадку мне цяжка зразумець, як можна ісці шляхам эўхарыстычнай камуніі паміж католікамі і пратэстантамі, не прыцягваючы да размовы праваслаўных і ўсходніх хрысціян”, - заявіў кардынал Кох.

Іерарх рашуча падтрымаў пазіцыю Кангрэгацыі Веравучэння, “паколькі дактрынальныя разыходжанні ўсё яшчэ настолькі сур’ёзныя, што сёння выключаюць узаемны ўдзел у Эўхарыстыі ці Вячэры Пана”.
 

24 верасня 2020, 12:23