Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Адбылася працоўная сустрэча “Сусветнага хрысціянскага форуму”

Выявіць лідараў сярод хрысціянскай моладзі і спрыяць павелічэнню колькасці хрысціянскіх сустрэч на рэгіянальным узроўні – такія бліжэйшыя мэты ставіць перад сабой “Сусветны хрысціянскі форум”.

Працоўная сустрэча Камітэта аб’яднання, якое прадстаўляе хрысціянскія канфесіі ўсяго свету і задумана як месца для сустрэчы і дыялогу ўсіх хрысціян, прайшла 3 верасня 2020 г. У ёй узялі ўдзел 29 чалавек. Святы Пасад прадстаўляў кс. Анджэй Хараманскі, супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Форуму папярэднічала сустрэча Дапаможнай групы – кансультацыйнага органа, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі Экуменічнай рады Цэркваў, Сусветнага евангелічнага саюза, Сусветнага пяцідзясятніцкага брацтва і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, а таксама старшыні двух фондаў, што фінансуюць дзейнасць “Сусветнага хрысціянскага форуму”.

Сустрэча, якая праводзілася ў так званы “час стварэння” – перыяд асаблівай малітвы хрысціян за сусвет, завяршылася сумесным выкананнем “Гімна стварэнню”.

“Сусветны хрысціянскі форум” (Global Christian Forum) – ініцыятыва Экуменічнай рады Цэркваў, якая ў пачатку 90-х гг. XX ст., рыхтуючыся да святкавання свайго 50-гадовага юбілею, задумалася над неабходнасцю прадстаўніцтва хрысціянскіх Цэркваў паўднёвай часткі свету. З часам, у выніку шэрагу сустрэч і перамоў, было вырашана ўключыць у склад “Сусветнага хрысціянскага форуму” евангелісцкія і пяцідзясятніцікія супольнасці, а таксама экуменічныя арганізацыі.

Першы сусветны форум прайшоў у 2007 г. у Кеніі, наступны – у 2011 г. у Інданезіі, трэці – у 2018 г. у Калумбіі.
 

12 верасня 2020, 10:28