Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Гадавіна гістарычнага візіту Папы ў Паўднёвую Карэю

Памяць каталіцкіх вернікаў Паўднёвай Карэі пра візіт Францішка ў іх краіну ўвасабляецца ў надзеі і мужнасці, да якіх заклікаў Пантыфік. У гэтым перакананы Біскуп Тэджона Лазарус Ю Хонг-сік.

У інтэрв’ю Vatican News іерарх падзяліўся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад Апостальскага візіту Францішка ў Паўднёвую Карэю, які адбыўся шэсць гадоў таму, з 13 па 18 жніўня 2014 г.

Нагодай для паездкі сталі VI Дні азіяцкай моладзі і беатыфікацыя 129 карэйскіх хрысціян. Ужо падчас першай сустрэчы з уладамі краіны Пантыфік прыгадаў часы жорсткасці, пераследу і вайны, праз якія ёй давялося пайсці, і выказаў захапленне надзеяй на справядлівасць, спакой і адзінства, якая ніколі не згасала ў сэрцах карэйскага народа.

Падчас гістарычнага візіту Святы Айцец пажадаў Паўднёвай Карэі ўзмацнення дэмакратыі, якая б увасаблялася ў глабалізацыі салідарнасці, а мясцовых біскупаў заклікаў жывіць Касцёл памяццю пра мінулае і хрысціянскай надзеяй.

Па словах Лазаруса Ю Хонг-сік, з моманту Апостальскага падарожжа Папы ў Паўднёвую Карэю ў краіне было ініцыявана вельмі шмат праектаў, накіраваных на разважанне над вучэннем Святога Айца і на ахову навакольнага свету.

Найбольш значным дасягненнем іерарх лічыць запланаванае на 2021 г. адкрыццё каталіцкага моладзевага “Цэнтра абуджэння” (Wake up center).

“Папа дае прыклад сапраўднага вучня Пана, бо дэманструе адзінства ў тым, што кажа і што робіць. Ён пражывае жыццё і слова Езуса верна і паслядоўна. У сучасным свеце, дзе на першым месцы пастаўлены сіла, з якой можна атрымаць жаданае, матэрыялізм і секулярызм, Святы Айцец дэманструе мужнасць у абароне патрабуючых перад абліччам несправядлівасці і пагарды”

, - адзначыў іерарх.

Ён прызнаўся, што словы падбадзёрвання, з якімі да мясцовага Касцёла звярнуўся Папа, натхнілі яго на скліканне дыяцэзіяльнага сінода, які трываў тры з паловай гады, падчас якіх духавенства і вернікі былі запрошаны засяродзіцца на прыкладзе карэйскіх мучанікаў і на дакуменце “Gaudium et spes” – канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце.

“Цяпер мы пакліканы ажыццяўляць на практыцы вынікі сінадальнага распазнання. У прыватнасці, ва ўмовах эпідэміялагічнага крызісу, які працягваецца, думаю, што мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць наш Касцёл яшчэ больш сінадальным”, - сказаў біскуп, аналізуючы візіт Святога Айца.
 

14 жніўня 2020, 15:20