Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Экуменічны зварот у абарону стварэння

Старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (CEC) скіравалі сумесны зварот з нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння і ініцыятывы “Час стварэння”.

У дакуменце, падпісаным кардыналам Анджэла Баньяска і пастарам Крысціянам Крыгерам, адзначаецца, што стварэнне – Божы дар для чалавецтва і ўсіх жывых істот, таму неабходна яго захоўваць з вернасцю Божых слуг.

Аўтары нагадалі словы Францішка пра важнасць аб’яднання высілкаў на карысць устойлівага і цэласнага развіцця, дыялогу аб будучыні планеты, бо экалагічныя праблемы тычацца ўсіх. У дакуменце прыводзяцца словы пратэстанцкага тэолага Юргена Мольтмана, які заклікаў да “распазнання Бога, прысутнага ў стварэнні праз свайго Духа Святога” і прымірэння з прыродай.

Гучыць прапанова адзначыць сёлетні “Час стварэння” пад дэвізам “Юбілей для Зямлі”. Біблійнае паходжанне юбілею прадугледжвае аднаўленне “раўнавагі паміж ладам жыцця, пацвярджае патрэбу ў роўнасці, справядлівасці і ўстойлівасці, у прарочым голасе ў абарону чалавечага дома”.

Ініцыятыва “Час стварэння”, якая рэалізуецца з 1989 г., будзе трываць сёлета з 1 верасня па 4 кастрычніка 2020 г. У ёй бяруць удзел Каталіцкі Касцёл, Англіканская Царква, Сусветная Лютэранская Федэрацыя, Сусветная Рада Цэркваў і Сусветны Евангелічны Альянс.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца 1 верасня. Ён быў устаноўлены ў 2015 г. Францішкам. Такім чынам Папа падтрымаў праваслаўных, якія рэалізуюць ініцыятыву з 1989 г.
 

25 жніўня 2020, 14:47