Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Англіі пра этычныя аспекты вакцынацыі

Біскупы Англіі лічаць, што для каталікоў вакцынацыя – маральны абавязак, а “адмова ад прышчэпак вядзе да небяспечных і патэнцыйна сур’ёзных наступстваў для самых слабых членаў грамадства”.

Камісія па ахове здароўя і ментальнага здароўя і Камісія абароны жыцця ў біскупскай канферэнцыі Англіі і Уэльса апублікавалі заяву, у якой патлумачылі этычныя і маральныя аспекты вакцынацыі. Біскупы нагадваюць, што вакцынацыя, накіравана на абарону самых уразлівых членаў грамадства, у першую чаргу людзей з імунадэфіцытам, цяжарных і іх яшчэ народжаных дзяцей.

Асаблівая ўвага ў надаецца распрацоўцы новых вакцын і этычным пытанням, звязаным з вакцынай супраць COVID-19.

“Мы лічым, што забеспячэнне неабходнай імунізацыі для бяспекі іншых – гэта маральны абавязак”, у той час як “адмова ад прышчэпак вядзе да небяспечных і патэнцыйна сур’ёзных наступстваў для самых слабых членаў грамадства”, - сцвярджаецца ў заяве, падпісанай біскупамі Полам Мэйсанам і Джонам Шэрынгтанам.

У адказ на контраргументы тых, хто спасылаецца на пабочныя эфекты прышчэпак, іерархі цытуюць дакумент Папскай акадэміі жыцця з 2017 г., у якім гаворыцца, што не існуе ніякай сувязі паміж, напрыклад, прышчэпкамі і аўтызмам, а “рэдкія пабочныя эфекты” лёгкай ступені выкліканыя адказам імуннай сістэмы на саму вакцыну.

У дакуменце закранута і пытанне вытворчасці вакцын з клетак абарціраваных чалавечых эмбрыёнаў. Касцёл выступае супраць вырабу вакцын з выкарыстаннем тканіны, атрыманай у выніку абортаў, - сцвярджаюць біскупы. Прыярытэт аднак варта аддаваць здароўю дзяцей і іншых уразлівых асоб, таму дапускаецца ўжыванне вакцын, якія былі распрацаваны раней з выкарыстаннем дыплоідных клетачных ліній ад эмбрыёнаў. Спасылаючыся на дакумент Папскай акадэміі жыцця з 2005 г, яны падкрэсліваюць: Касцёл праводзіць адрозненне паміж неэтычным паходжаннем новых сучасных вакцын з аднаго боку і выкарыстаннем клетачных ліній у 1970-х гадах – з другога.

“Усе клінічна рэкамендаваныя вакцыны могуць прымяняцца без сумненняў сумлення, і выкарыстанне такіх вакцын не расцэньваецца як свайго роду садзейнічанне наўмыснаму аборту”

, - гаворыцца ў заяве.

Разам з тым неабходна працягваць змагацца з фармацэўтычнымі кампаніямі, якія дзейнічаюць амаральна, - аднак “гэта барацьба не павінна адбівацца на нявінных дзецях і на эпідэміялагічнай абстаноўцы”, - сцвярджаюць біскупы Англіі і Уэльса.

“Каталіцкі Касцёл моліцца і падтрымлівае ўсіх, хто імкнецца знайсці вакцыну супраць разбуральнага віруса COVID-19. Мы спадзяёмся, што этычны пошук такой вакцыны магчымы”, - заявілі вялікабрытанскія іерархі.
 

18 жніўня 2020, 14:15