Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: добраахвотнае ахвяраванне, а не плата за Імшу

У Касцёле абмяркоўваюць новую ватыканскую інструкцыю адносна арганізацыі жыцця ў парафіях. Асаблівую ўвагу прыцягнула пытанне “імшальных інтэнцый”.

Інструкцыя Кангрэгацыі па справах духавенства пад назвай: “Душпастырскае навяртанне парафіяльнай супольнасці на службе евангелізацыйнай місіі Касцёла”, была апублікавана 20 ліпеня 2020 г.

У дакуменце выкарыстоўваюцца словы “ахвяраванне”, “добраахвотнае ахвяраванне”, а не “плата”. Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што святары не павінны патрабаваць грошы за цэлебрацыю Эўхарыстыі. “За св. Імшу не плацяць! Святая Імша – гэта ахвяра Хрыста, якая была складзена бязвыплатна. Адкупленне – бязвыплатнае. Калі хочаш скласці ахвяру – рабі гэта, але за Імшу не плаціцца”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 7 сакавіка 2018 г.

У інструкцыі, распаўсюджанай у панядзелак, гаворыцца, што “ахвяра па сваёй прыродзе павінна быць добраахвотным актам з боку ахвярадаўцы, памер якой пакідаецца яго сумленню і пачуццю адказнасці за Касцёл, а не ўстаноўленай “цаной”, “абавязковым тарыфам”, “сакрамэнтальным падаткам”.

Акрамя таго, “важна выхоўваць вернікаў, каб яны ахвотна садзейнічалі задавальненню патрэб парафіі, якія з’яўляюцца “іх справай”, і каб яны вучыліся вырашаць іх самастойна, асабліва ў краінах, дзе ахвяры на св. Імшу па-ранейшаму з’яўляецца адзінай крыніцай утрымання для святароў і адным з матэрыяльных сродкаў, неабходных для евангелізацыі”.

Было адзначана, што варта строга сачыць за тым, каб ахвяраванне на Імшу не ператваралася ў “здзелку” ці “гандаль”. Святарам настойліва рэкамендавана цэлебраваць Эўхарыстыю нават не атрымаўшы грошай ад вернікаў, асабліва бедных.

Трэба заўважыць, што некаторыя касцёльныя правінцыі вызначаюць памер ахвяры на св. Імшу. Там многія святары адмаўляюцца ад грошай і прызначаюць іх на дабрачыннасць і грамадскія праекты. У шматлікіх іншых мясцовых Касцёлах, у тым ліку ва Усходняй Еўропе, імшальныя інтэнцыі з’яўляюцца практычна адзіным сродкам утрымання для святара і рэалізацыі душпастырскіх ініцыятыў.
 

22 ліпеня 2020, 12:53