Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал: Еўропа знаходзіцца ў пошуку новай тоеснасці

Казаць пра хрысціянскія карані і не прымаць мігрантаў – крывадушнасць, - лічыць кардынал Жан-Клод Олерыш, старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).

Паводле іерарха, у актуальны перыяд Еўропа знаходзіцца ў пошуку новай ідэнтычнасці. Мы перажываем час вялікіх цывілізацыйных перамен і людзі адчуваюць страх. У гэтым кантэксце каштоўнай з’яўляецца духоўная спадчына св. Бэнэдыкта, апекуна кантынента, які паказвае, што сапраўдную тоеснасць можна знайсці, толькі калі быць адкрытымі на Божае пакліканне.

“Бог кліча нас кожны дзень, у кожны момант нашага жыцця. Св. Бэнэдыкт прыняў усё гэта і зрабіў нешта новае для Еўропы. Ён не быў традыцыяналістам. Ён здзейсніў інтэрпрытацыю Святога Пісання, наследуючы прыклад егіпецкіх пустыннікаў, і такім чынам здолеў даць Еўропе новую тоеснасць: хрысціянскую тоеснасць”, - падкрэсліў кардынал.

Арцыбіскуп Люксембурга зазначыў, што прыклад справядлівых манаскіх супольнасцей, заснаваных св. Бэнэдыктам, з’яўляецца ўзорам для сучасных хрысціян.

“Еўропа будзе хрысціянскай, калі нанова адшукае важнасць справядлівасці, роўнасці, устойлівасці. Мы павінны быць справядлівымі таксама да новых пакаленняў. Нам патрэбна справядлівасць між пакаленнямі: мы павінны пакінуць моладзі зямлю, на якой можна будзе пражываць, станавіцца шчаслівымі, знаходзіць сэнс жыцця. Гэта вялікае пакліканне да справядлівасці і я лічу, што такія асобы, як св. Бэнэдыкт, моцна натхняюць”, - дадаў ён.

Кардынал звярнуў увагу на распаўсюджванне эгаістычнай культуры ў Еўропе і адзначыў важнасць гасціннасці да мігрантаў. “Мы не можам быць хрысціянамі, не маючы ў сэрцы людзей, што патрабуюць дапамогі”, - сказаў ён.

Паводле арцыбіскупа Люксембурга, мір у Еўропе таксама знаходзіцца ў крызісе. “Калі Еўрапейскі Саюз стане слабейшым – а мы ведаем, што папулізм вельмі аслабляе Еўропу – тады пад пагрозай будзе знаходзіцца і мір”, - сцвердзіў іерарх.

Ён выказаў занепакоенасць таксама ў сувязі з адсутнасцю міру ў сэрцах людзей, асабліва моладзі. “Я думаю, што трэба абвяшчаць Евангелле ўсім людзям, якія згубілі супакой, а нашы хрысціянскія супольнасці павінны сведчыць, што мір магчымы, але ён з’яўляецца дарам Бога. Мы павінны падрыхтаваць глебу для міру, якім толькі Ён можа адарыць”, - падкрэсліў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.

13 ліпеня 2020, 12:14