Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы: карупцыя – несумяшчальная з верай

У адкрытым лісце да вернікаў члены Канферэнцыі Біскупаў Эквадора асудзілі карупцыю, асабліва ў кантэксце пашырэння пандэміі каронавіруса, якая асаблівым чынам ударыла па найбольш неабароненых.

Карупцыя – гэта цяжкі грэх, несумяшчальны з хрысціянскай верай. Ён з’яўляецца злачынствам, што асуджае на смерць мноства людзей у стане беднасці, - напісалі іерархі.

Дакумент эквадорскіх біскупаў стаў рэакцыяй на актуальную сітуацыю ў краіне, якая склалася ў сувязі з распаўсюджваннем пандэміі каронавіруса, калі стала вядома пра злоўжыванні падчас набыцця і паставак лекаў, медыцынскіх сродкаў і прадуктаў харчавання. Іерархі зазначылі, што гаворка ідзе пра “абуральнае распаўсюджванне выпадкаў карупцыі”. Яны выказалі блізкасць пакутуючым, людзям, якія згубілі жыццё, працу, надзею.

Эквадорскі епіскапат заўважыў, што ва ўмовах эканамічнага і эпідэміялагічнага крызісу, калі бедных пазбаўляюць усіх магчымасцей, “неабходна дальнабачнасць у кіраванні рэсурсамі”. Карупцыя, па словах іерархаў, “спрыяе культуры адчужэння самых уразлівых, а таксама стварае несправядлівасць і беспакаранасць”. За яе, давядзецца адказваць перад Бога, - папярэдзілі біскупы.

Іерархі заклікалі ўлады з рашучасцю правесці расследаванні карупцыйных злачынстваў, каб вярнуць скрадзеныя грошы грамадзянам. “Годны народ не можа быць саўдзельнікам карупцыі і беспакаранасці”, - напісалі яны. Біскупы выказалі спадзяванне на дзейнасць дэмакратычнай сістэмы і на тое, што народ не пагадзіцца жыць з карупцыйным дыктатам. “Кожны павінен зрабіць усё магчымае дзеля справядлівасці, міру, агульнага дабра і будучыні краіны”, - падкрэслілі члены Канферэнцыі Біскупаў Эквадора.
 

11 ліпеня 2020, 08:23