FILES-AUSTRALIA-CATHOLIC-CRIME-ASSAULT FILES-AUSTRALIA-CATHOLIC-CRIME-ASSAULT 

Кардынал Пэл апублікуе свае турэмныя запісы

Кардынал Джордж Пэл апублікуе свой “турэмны дзённік”, у якім ён дзеліцца думкамі пра жыццё ў зняволенні, Касцёл, працу ў Ватыкане, палітыку, грамадства і спорт.

Першы том павінен выйсці ў 2021 г. у амерыканскім выдавецтве Ignatius Press. 79-гадовы кардынал правёў у турме 404 дні, перш чым Вярхоўны суд Аўстраліі апраўдаў яго 7 красавіка 2020 г. з абвінавачванняў у нібыта сексуальных дамаганнях да непаўналетніх.

Ignatius Press на сваім сайце просіць аб ахвяраваннях для пакрыцця судовых выдаткаў іерарха. “Я прачытаў першую палову Дзённіка – ён незвычайны. Гэта, безумоўна, стане духоўнай класікай. Паколькі ўвесь тэкст мае каля тысячы старонак, мы апублікуем яго ў трох-чатырох тамах”, - падзяліўся галоўны рэдактар, кс. Джозэф Фесіа на старонцы выдавецтва.

Храналогія падзей такая: 11 снежня 2018 г. кардынал Пэл быў прызнаны прысяжнымі ў Мельбурне вінаватым у сексуальных злачынствах супраць непаўналетніх. 26 лютага таго ж года Апостальская Сталіца вынесла яму забарону на публічнае служэнне і кантакт з непаўналетнімі ў любым выглядзе і форме. 13 сакавіка 2019 г. іерарх быў прызнаны вінаватым у сексуальных злачынствах, учыненых у 1996 г. адносна двух 13-гадовых хлопчыкаў з хору катэдры св. Патрыка ў Мельбурне і асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Кардынала ўтрымлівалі ў турме для самых небяспечных злачынцаў. 21 жніўня 2019 г. суд Вікторыі адхіліў скаргу і пакінуў прысуд у сіле. Апраўдальная пастанова Вярхоўнага суда Аўстраліі ад 7 красавіка 2020 г. з’яўляецца канчатковай.

Кардынал Пэл заўсёды заяўляў пра сваю невінаватасць. “Гэта была не проста перамога аднаго чалавека ці Касцёла ў Аўстраліі. Яна паказала ўсяму свету, як далёка здольныя пайсці ворагі Касцёла і наколькі яны гатовыя ілгаць, каб дыскрэдытаваць яго”, - напісаў кс. Фесіа.

22 чэрвеня 2020, 12:09