GPII 4.jpg

Папскі ўніверсітэт заснаваў Інстытут культуры імя Яна Паўла II

Да 100-годдзя з дня нараджэння Яна Паўла II 18 мая 2020 г. на філасофскім факультэце Папскага ўніверсітэта св. Тамаша Аквінскага ў Рыме (Angelicum) пачаў дзейнічаць Інстытут культуры, названы ў гонар Папы.

Місія навучальнай структуры – глыбокая рэфлексія над самымі актуальнымі праблемамі свету і Касцёла ў суадносінах з думкай і вучэннем Пантыфіка-славяніна.

Францішак скіраваў адмысловы ліст да рэктара Angelicum, у якім нагадаў, што Ян Павел II, колішні выпускнік ВНУ, “з’яўляецца адначасова і натхненнем гэтага праекта, і яго першым і самым галоўным архітэктарам”. І ўсё гэта, дзякуючы яго “багатай і шматграннай спадчыне”, “прыкладу адкрытага і сузіральнага духу, заснаванага на любові да Бога і чалавека, да творчасці, гісторыі і мастацтва”.

“Спектр перажыванняў, у тым ліку эпахальныя драмы і асабістыя пакуты, якія ён імкнуўся інтэрпрэтаваць у святле Духа Святога, прывялі св. Яна Паўла ІІ да яшчэ глыбейшага разважання пра чалавека і яго культурныя карані як істотны арыенцір для абвяшчэння Евангелля”

, - напісаў Пантыфік да а. Міхала Палюха.

Францішак працытаваў першую энцыкліку свайго папярэдніка Redemptor Hominis, у якой ён напісаў: “Мы ідзём да ўсіх культур, да ўсіх ідэалагічных канцэпцый, да ўсіх людзей добрай волі. Мы падыходзім да іх з пашанай, павагай і праніклівасцю, якія з часоў апосталаў адзначаюць місіянерскае стаўленне, стаўленне місіянера”.

“Нам трэба захаваць такое стаўленне, калі мы хочам стаць Касцёлам, які выходзіць па-за сябе, не задавольваецца выключна захаваннем і кіраваннем тым, што ўжо існуе, але імкнецца быць верным сваёй місіі”

, - адзначыў Францішак.

Пантыфік лічыць важным, што новая ініцыятыва знайшла дом ва Універсітэце св. Тамаша Аквінскага: “паколькі ў акадэмічную супольнасць Angelicum уваходзяць выкладчыкі і студэнты з усяго свету, гэта адпаведнае месца для інтэрпрэтацыі важных праблем сучаснай культуры”. Гэтаму спрыяе і традыцыя Ордэна Дамініканцаў, якому належыць ВНУ, дзе важная роля адводзіцца “рацыянальнаму разважанню пра веру і яе змест”.

Першыя студэнты Інстытута культуры імя св. Яна Паўла пачнуць заняткі ўжо восенню. Штогод у якасці лектараў будуць запрашацца вядомыя інтэлектуалы з усяго свету, якія прадстаўляюць розныя навуковыя дысцыпліны. Адначасова будзе запушчана стыпендыяльная праграма для маладых навукоўцаў.

Менавіта ў Angelicum у 1946-48 гадах малады святар Караль Вайтыла працягваў сваю інтэлектуальную і духоўную фармацыю, тут, на філасофскім факультэце, ён напісаў доктарскую дысертацыю.

18 мая 2020, 12:17