Vatican News

Папа моліцца за памерлага кардынала Рэната Корці

Францішак выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю італьянскага кардынала Рэната Корці. Іерарх адышоў у вечнасць 12 мая 2020 г. у 84-гадовым узросце.

Святы Айцец адзначыў узорную адданасць іерарха Касцёлу і Евангеллю, яго духоўнае і пастырскае самаахвярнае служэнне ў роднай дыяцэзіі, асабліва ў сферы фармацыі семінарыстаў і святароў, а таксама ў якасці пастыра Наварскай дыяцэзіі.

“Думаю таксама пра яго сапраўдную любоў да місій і служэнне прапаведавання, якое ён здзяйсняў з вялікай шчодрасцю, ва ўсім натхняючыся гарачым жаданнем перадаваць Евангелле Хрыста. Узношу маю малітву да Пана, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, прыняў гэтага вернага слугу і выбітнага пастыра ў Нябесны Ерузалем…”

, - напісаў Папа.

Рэната Корці нарадзіўся ў 1936 г. у горадзе Гальбіятэ, недалёка ад Мілана. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1959 г. Займаўся фармацыяй духавенства. У 1980 г. быў прызначаны Генеральным вікарыем Міланскай архідыяцэзіі, а праз год – яе дапаможным біскупам. З 1990 па 2011 г. – арцыбіскуп Наварскі.

У 2015 г. Францішак даручыў іерарху падрыхтоўку медытацый для Крыжовага шляху, які ў Вялікую пятніцу праходзіў у рымскім Калізеі. У 2016 г. Папа надаў яму яму кардынальскую годнасць.

Пасля смерці іерарха Калегія кардыналаў складаецца з 222 іерархаў, з якіх 122 маюць права голасу на канклаве.

 

12 мая 2020, 14:29