Vatican News

Пандэмія: урачыстасці ў Будславе перанесены на іншы тэрмін

25 мая 2020 г. было прынята рашэнне адносна сёлетніх пілігрымак у Будслаў і праграмы традыцыйных урачыстасцей у гонар Маці Божай.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла перанесці гэтыя масавыя мерапрыемствы, - паведаміў Беларускай службе Vatican News арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Пасяджэнне епіскапату ўпершыню ладзілася ў онлайн-фармаце. Іерархі вырашылі, што адпустовыя ўрачыстасці ў Будславе 2 ліпеня ўсё ж адбудуцца, але – на парафіяльным узроўні, паводле плана, распрацаванага сумесна кусташам санктуарыя і курыяй.

Тэрмін агульнабеларускіх урачыстасцей у Будславе пакуль не вызначаны. Канкрэтныя даты будуць абвешчаны пасля нармалізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі.

“Ніякай забароны на наведванне будслаўскай базылікі не будзе, людзі змогуць прыйсці або прыехаць. Напрыклад, у санктуарый Сант’яга-дэ-Кампастэла прыходзяць індывідуальныя пілігрымы. Але мы не можам праводзіць арганізаваных пілігрымак. Бо найчасцей паломнікі начавалі ў школах, а цяпер нават цяжка ўявіць, што мы ў такой сітуацыі атрымаем на гэта дазвол. Таксама людзі ахвотна прымалі на начлег. Але мы не можам ім несці небяспеку заражэння”, - адзначыў арцыбіскуп.

Таксама іерархі вырашылі працягнуць да 15 жніўня час для выканання вернікамі касцёльнага наказу адносна святой Камуніі ў Велікодны перыяд, а таксама абавязку прынамсі раз на год прыступіць да споведзі.

“Вядома, што людзей у касцёлах сёння значна менш, чым звычайна. Святары кажуць, што нашмат менш людзей падчас Вялікага посту і пасля Вялікадня прыходзілі да споведзі. Былі людзі, але не столькі, колькі звычайна. Ведаем прычыну гэтага. Таму біскупы прынялі рашэнне, што час велікоднай камуніі працягваецца да 15 жніўня – каб даць людзям час прыйсці да споведзі, прыняць св. Камунію”, - пракаментаваў старшыня епіскапату.

Разглядалася і пытанне ўрачыстасцей Божага Цела, калі ў многіх гарадах ладзяцца масавыя працэсіі, у прыватнасці ў Мінску і Гродне праводзяцца агульнагарадскія працэсіі з удзелам некалькіх тысяч вернікаў. Вядома, што ў сённяшніх умовах пандэміі гэта арганізаваць немагчыма, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Таму было прынята рашэнне адмяніць сёлета агульнагарадскія святкаванні. Аднак парафіі, паводле разважлівага меркавання пробашчаў, могуць правесці мясцовыя працэсіі, у прыватнасці, паставіць алтарыкі на невялікай адлегласці, каб людзям не даводзілася ісці працэсіяй, падчас якой цяжка захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Павел Міцкевіч, спецыяльна для Беларускай службы Ватыканскага радыё
 

25 мая 2020, 13:06