Пошук

Vatican News

Новыя святыя і благаслаўлёныя Касцёла: Папа ўхваліў дэкрэты

26 мая 2020 г. Францішак правёў сустрэчу з кардыналам Анджэла Бэчу, прэфектам Кангрэгацыі па справах кананізацыі, падчас якой дазволіў абнародаваць падрыхтаваныя дыкастэрыяй дэкрэты.

Пяць дакументаў датычаць пацвярджэння цудаў, здзейсненых праз заступніцтва асоб, адносна якіх вядуцца кананізацыйныя і беатыфікацыйныя працэсы: французскага святара, бл. Сэрара дэ Бю (1544-1607), заснавальніка Кангрэгацыі Айцоў Хрысціянскай Дактрыны; французскага святара, бл. Шарля дэ Фуко (1858-1916); італьянкі, бл. Марыі Даменікі Мантовані (1862-1934), сузаснавальніцы і першай генеральнай настаяцельніцы Інстытута Малых Сясцёр Святой Сям’і; амерыканскага святара Майкла Мак-Гіўні (1852-1890), заснавальніка арганізацыі свецкіх католікаў “Рыцары Калумба”; францужанкі, Палін Мары Жарыко (1799-1862), заснавальніцы руху “Жывы ружанец”.

Два, зацверджаныя Папам дэкрэты, пацвярджаюць мучаніцтва: Сімеонэ Кардона, італьянскага цыстэрса, і пяці яго сабратаў з абацтва ў Казамары, размешчаным ля італьянскага Фразінонэ, забітых паміж 13 і 16 мая 1799 г. з нянавісці да веры; і а. Космы Спэсота з Ордэна Братоў Меншых (1923-1980).

Таксама Святы Айцец ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў іерарха французскага паходжання, біскупа Мельхіёра Марыі дэ Марыён Брэзільяк (1813-1859), заснавальніка Таварыства Афрыканскіх Місій.

27 мая 2020, 12:41