HOLY LAND.jpg

Каталіцкія біскупы з пілігрымкай салідарнасці ў Святой Зямлі

Біскупы з Еўропы і ЗША завяршылі штогадовае паломніцтва ў Святую Зямлю. Упершыню сумесная паездка прадстаўнікоў некалькіх епіскапатаў адбылася 20 гадоў таму па ініцыятыве Святога Пасаду.

“Кожны год мы прыязджаем, каб сустрэць і пачуць людзей Святой Зямлі. Мы натхнёныя іх трывалай стойкасцю і верай ва ўмовах пагаршэння сітуацыі”, - напісалі біскупы ў паведамленні па выніках пілігрымкі. Яны лічаць, што кіраўніцтва заходніх краін “павінна зрабіць больш для выканання сваіх абавязацельстваў па рэалізацыі міжнароднага права і абароне чалавечай годнасці”, а замест гэтага “у некаторых выпадках існуе актыўны саўдзел у зле канфліктаў і акупацыі”.

Іерархаў трывожыць той факт, што ўмовы жыцця ў рэгіёне становяцца ўсё больш невыноснымі. Гэта асабліва бачна на Заходнім беразе, дзе хрысціяне пазбаўлены нават асноўных правоў, уключаючы свабоду перамяшчэння. У Газе палітычныя рашэнні ўсіх бакоў прывялі да стварэння турмы пад адкрытым небам, парушэння правоў чалавека і глыбокага гуманітарнага крызісу.

У гэтых умовах Касцёл у асобах манахаў, свецкіх вернікаў і святароў імкнецца “будаваць лепшую будучыню для ўсіх”, прапануючы жыццёва важныя паслугі, асабліва адукацыю, магчымасці працаўладкавання і догляд за найбольш уразлівымі людзьмі.

“Мы заклікаем хрысціян у нашых краінах маліцца і падтрымліваць гэтую місію. Павелічэнне колькасці пілігрымак у Святую Зямлю з’яўляецца абнадзейлівым фактам, і мы заклікаем тых, хто пілігрымуе сюды, сустракацца з мясцовымі супольнасцямі”

, - напісалі біскупы з Еўропы і ЗША.

Яна звярнуліся да палітыкаў сваіх краін, заклікаючы іх “дапамагчы выпрацаваць новае палітычнае рашэнне, якое грунтуецца на павазе да чалавечай годнасці кожнага”. Іерархі агучылі некалькі канкрэтных прапаноў да сваіх урадаў: настойваць на прымяненні міжнароднага права; услед за кіраўніцтвам Святога Пасаду прызнаць Дзяржаву Палестына; мець на ўвазе патрэбы Ізраіля ў бяспецы і права кожнага на бяспечнае жыццё; адмовіцца ад палітычнай ці эканамічнай падтрымкі так званых пасяленняў; рашуча выступаць супраць насілля або парушэння правоў чалавека з любога боку.

На думку каталіцкіх біскупаў, робячы гэтыя крокі, міжнародная супольнасць можа асэнсаваць сваю салідарнасць з ізраільцянамі і палестынцамі, якія не адмаўляюцца ад негвалтоўнай барацьбы за справядлівасць, мір і правы чалавека”.

Сваімі штогадовымі пілігрымкамі біскупы Еўропы і ЗША выказваюць салідарнасць з хрысціянамі рэгіёна. Сёлета яны надалі асаблівую ўвагу складанаму становішчу паслядоўнікаў Хрыста ў Газе, Усходнім Іерусаліме і Рамале.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 студзеня 2020, 13:03