Статуя св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота Статуя св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

У 2019-м Касцёл атрымаў 5 новых святых і 46 благаслаўлёных

У 2019 г. Касцёл атрымаў 5 новых святых і 46 благаслаўлёных. Сярод апошніх – Міхал Гедройц, жыццёвы шлях якога звязаны з тэрыторыяй сучаснай Беларусі.

Адзіная ў гэтым годзе кананізацыя прайшла 13 кастрычніка 2019 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Святымі падчас яе былі абвешчаны англійскі канвертыт з англіканства, кардынал Джон Генры Ньюман і чатыры жанчыны: бразільянка, сястра Дульчэ (Марыя Рыта до Суса Брыта Лопэс Понтэс); сястра Марыям Тэрэзія Манкідзіян Чырамэль з Індыі; італьянка, сястра Джозэфіна Ваніні; свецкая верніца з Швейцарыі Маргэрытэ Байс. Усе яны жылі ў XIX-XX стагоддзях.

“Сёння мы дзякуем Пану за новых святых, якія ішлі ў паломніцтве і якіх мы называем сёння нашымі абаронцамі”, - казаў Папа падчас кананізацыйнай св. Імшы. “Тры з іх – гэта законніцы, якія дэманструюць нам, што манаскае жыццё – гэта шлях любові на экзістэнцыяльныя перыферыі свету. У сваю чаргу, св. Маргэрытэ Байс была швачкай і паказала нам, наколькі магутнай з’яўляецца простая малітва, настойлівая цярплівасць і маўклівая самаадданасць: дзякуючы гэтаму Пан ажывіў у ёй святло Пасхі. Гэта святасць паўсядзённага жыцця, пра якую св. кардынал Ньюман сказаў: “У хрысціяніна ёсць глыбокі, маўклівы, схаваны спакой, якога свет не бачыць. (...) Хрысціянін – вясёлы, просты, добразычлівы, лагодны, выхаваны, сумленны, сціплы, непераборлівы. (...) У яго стаўленні настолькі мала незвычайнага ці эфектыўнага, што з першага погляду яго лёгка прыняць за звычайнага чалавека”. Давайце будзем такімі “лагоднымі агеньчыкамі” пасярод цемры свету, - заклікаў вернікаў Святы Айцец.

На працягу 2019 г. у розных частках свету адбылося 16 беатыфікацыйных цырымоній. У іх ліку ўрачыстая цэлебрацыя падзякі за пацвярджэнне культу благаслаўлёнага Міхала Гедройца, якая прайшла 8 чэрвеня 2019 г. у Кракаве. Адмысловы дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі Папа зацвердзіў у лістападзе 2018 г.

Гедройц нарадзіўся каля 1420 г. у літоўскім мястэчку Гедрайчай, а памёр у Кракаве ў 1485 г. Ён паходзіў з княжацкай сям’і. Па прычыне калецтва адмовіўся ад свецкай кар’еры і ўступіў у кляштар Ордэна Аўгустыніянаў у мястэчку Быстрыцы, сёння на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў Беларусі. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне не прыняў і да канца жыцця служыў сакрыстыянінам у аўгустыніянскім касцёле св. Марка Евангеліста ў Кракаве. Вёў пабожнае і аскетычнае жыццё, быў вядомы сваёй вялікай сціпласцю, пакорай і ўвагай да хворых і бедных. Ужо пры жыцці лічыўся святым, празорцам і цудатворцам.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

30 снежня 2019, 13:47