Санктуарый Святога Дома ў Ларэта Санктуарый Святога Дома ў Ларэта 

Кардынал Паралін адкрыў Ларэтанскі Юбілейны Год

Кардынал Пьетра Паралін узначаліў адкрыццё Юбілейнага Года, прымеркаванага да 100-годдзя абвяшчэння Маці Божай Ларэтанскай, апякункай авіятараў і ўсіх, хто падарожнічае ў паветры.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы адчыніў Святыя Дзверы падчас урачыстай Эўхарыстыі, якую 8 снежня 2019 г. цэлебраваў у марыйным санктуарыі ў Ларэта.

У гаміліі ён заўважыў, што Маці Божая – гэта зорка, якая вядзе да Езуса. Яна вядзе да святасці, што з’яўляецца “самым высокім вымярэннем” хрысціянскага жыцця, - нагадаў іерарх словы св. Яна Паўла ІІ. Спасылаючыся на стогадовы юбілей, ён дадаў, што “быць святым – значыць узносіцца высока, дазволіць Езусу і Багародзіцы ўзняць нас”.

“Нябеснай апякункай авіятараў” Маці Божую Ларэтанскую абвясціў 24 сакавіка 1920 г. Бэнэдыкт XV, пасля атрымання шматлікіх просьбаў ад лётчыкаў пасля Першай сусветнай вайны.

Ларэтанскі Юбілей будзе доўжыцца год, з 8 снежня 2019 г. па 10 снежня 2020 г. Хоць адзіным юбілейным касцёлам будзе санктуарый Святога Дома ў Ларэта, поўны адпуст можна будзе атрымаць і ў капліцах некаторых грамадзянскіх і ваенных аэрапортаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 снежня 2019, 14:59