Пошук

2019.10.31-album-chiese-bielorussia-romaniuk-01.jpg

Выйшаў унікальны альбом пра храм у беларускім краявідзе

У Беларусі выйшаў унікальны альбом, прысвечаны храмавай архітэктуры ў беларускім краявідзе. Гэта кніга – плён даўняга праекта, на рэалізацыю якога пайшло два дзясяткі гадоў.

Стваральнік кнігі “Беларусь. Храм і краявід” – Дзяніс Раманюк. Ён аўтар такіх славутых фотаальбомаў, як “Беларусь сінявокая”, “Мой шлях Беларусь”, “Беларусь. Маленькая кніга пра вялікую краіну”, “Чарнобыль” ды іншых.

“З выявай святыні краявід становіцца асаблівым. І гэты бліскучы дуэт, пад акампанемент мастацкай фатаграфіі і падрабязных апісанняў, загучаў у маёй новай кнізе. На яе старонках я сабраў з розных куткоў Беларусі найлепшыя прыклады ўнікальнай архітэктурнай спадчыны, якія выглядаюць яшчэ больш эфектна на фоне маляўнічых відарысаў”, - адзначыў аўтар.

У альбом увайшлі 152 фатаграфіі, на якіх адлюстраваны 86 храмаў і мноства краявідаў – як са знакавых, так і менш вядомых куткоў Беларусі. Кожны здымак храма суправаджаецца падрабязным апісаннем, складзеным з дзвюх частак. У першай частцы, падрыхтаванай вядомым гісторыкам архітэктуры Сяргеем Харэўскім, пададзена дакладная навукова-гістарычная інфармацыя. Другая частка — лірычная, яе стварыў сам Дзяніс Раманюк. У ёй распавядаецца пра тое, што засталося па-за кадрам, ды пра ўласныя пачуцці і ўспаміны, звязаныя са стварэннем кожнага фотаздымка.

Альбом выдадзены ў шыкоўным гарызантальным фармаце 300×240 мм і складаецца са 192 старонак пад цвёрдай вокладкай. Зроблена і падарункавая версія – у футарале з залатым абрэзам блока.

Здымкі рабіліся паводле розных тэхналогій, у розныя поры года. У некаторыя месцы аўтару даводзілася вяртацца шматкроць, каб спраўдзіць свае ўражанні і абраць найлепшы ракурс у найлепшым святле, і каб потым абраць з дзясяткаў кадраў адзіны, непаўторны, які сведчыць пра невымоўнае хараство нашай культуры і нашай краіны. За гэты час Беларусь мянялася несупынна. І гэта дадае праекту Дзяніса Раманюка бясспрэчную дакументальную каштоўнасць. Кожны здымак альбома – унікальны! Многія храмы з тых, што мы бачым у альбоме, цяпер адрэстаўраваны, а некаторыя, на вялікі жаль, страчаны.

Кніга выйшла ў Літве тыдзень таму накладам у 2100 асобнікаў. Замовіць яе можна ў аўтара.

01 лістапада 2019, 11:26