Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Беларусь: “Карытас” арганізуе форум па абароне непаўналетніх

Міжнародны форум па абароне і ахове дзяцей 19-20 лістапада 2019 г. у Мінску правядзе “Дабрачыннае таварыства Карытас” Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У апошнія гады каталіцкая арганізацыя прыклала шмат намаганняў для стварэння бяспечных умоў для дзяцей, і падчас форуму плануецца падагульніць дзейнасць у гэтай сферы і абмеркаваць перспектывы на будучыню, - паведаміў Беларускай службе Vatican News дырэктар нацыянальнай “Карытас” кс. Віталій Дабраловіч.

Паводле святара, пытанне абароны правоў дзяцей вельмі важнае, і заданне форума – аб’яднаць магчымасці “Карытас” і партнёраў у адзіную сетку па абароне дзяцей.

“Паколькі Касцёл заўсёды працуе з сем’ямі і дзецьмі, ён павінен падрыхтаваць адмысловыя дакументы, каб накіраваць супольнасць вернікаў на адказны падыход да выхавання непаўналетніх – паводле Закону Божага, бо ён бароніць дзяцей, бароніць правы чалавека ў цэлым”, - сказаў дырэктар нацыянальнай “Карытас”.

У форуме чакаецца ўдзел прадстаўніка Caritas Internationalis Эндру Ацопардзі, дырэктара гуманітарных праграм Caritas Europa Сільвіі Сінібальдзі, а таксама гасцей з Аўстрыі: Астрыд Вінклер, з Сеткі супрацьдзеяння выкарыстанню і эксплуатацыі дзяцей, і супрацоўніцы Caritas Austria, каардынатара праектаў у Беларусі, Зігрыд Шпіндльбэк.

Свой даклад для форума рыхтуе сябра Камісіі па справах абароны непаўналетніх Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Андрэй Зноска. “Сёння ўвесь свет звяртае ўвагу на бяспеку дзяцей, на іх абарону ад тых дарослых, якія маглі б стварыць для іх нейкія перашкоды, прычыніць ім гвалт, прымяніць да іх злую або дрэнную частку свайго дарослага свету. Мы павінны разумець, што Беларусь не з’яўляецца востравам, і мяне цікавіць, наколькі мы гатовыя адказаць на выклікі, якія могуць з’явіцца. Я б хацеў прааналізаваць, як дзяржава ставіцца да бяспекі дзяцей, і з боку Касцёла – наколькі мы гатовы супрацоўнічаць з дзяржавай у гэтым пытанні. А таксама высветліць, ці падобныя нашы падыходы, ці ёсць нейкія разыходжанні. Таксама мы будзем старацца паглядзець на досвед іншых краін, якія маюць больш распрацаваныя праграмы. Мяне цікавіць, ці мы ўжо зараз здольныя выпрацаваць агульны падыход у праблеме абароны дзяцей – не свой у кожнай дыяцэзіі або канкрэтна ў “Карытас” – а адну праграму па арганізацыі бяспекі дзяцей ва ўсёй Беларусі”, - гаворыць аб сваіх чаканнях кс. Андрэй Зноска.

У праграме форуму – дзіцячы тэатр, даклады ўдзельнікаў, прэзентацыі, практычныя семінары.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 лістапада 2019, 11:46