Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Японіі прадставілі афіцыйны гімн папскага візіту

У Японіі была прадстаўлена песня, якая стане афіцыйным гімнам папскага візіту ў гэтую краіну. 23-26 лістапада 2019 г. Францішак наведае Токіо, Нагасакі і Хірасіму.

Музычны твор “Абарані кожнае жыццё” (Protect all Life) натхнёны энцыклікай “Laudato si’”. Ён прагучыць ва ўсіх месцах, якія Францішак наведае ў Японіі, у тым ліку перад св. Імшамі ў Нагасакі і Токіо.

Словы гімна належаць спеваку і акцёру Джуну Інуэ, які таксама ўдзельнічаў у напісанні музыкі да яго з дапамогай камп’ютэрнай праграмы для стварэння песень Amadeus Code AI. У відэакліпе песню выконвае Dreamers Union Choir.

Першыя дні свайго візіту ў Японію Францішак правядзе ў Нагасакі і Хірасіме. У першым з гарадоў ён звернецца з Пасланнем супраць ядзернай зброі, аддасць даніну памяці святым пакутнікам японскай зямлі, узначаліць св. Імшу. У Хірасіме Папа правядзе Сустрэчу на карысць міра. У Токіо, між іншым, ён сустрэнецца з ахвярамі катастрофы на атамнай электрастанцыі ў Фукусіме, наведае Імператарскі палац, правядзе размову з мясцовай моладдзю і ўзначаліць св. Імшу. Будуць і афіцыйныя сустрэчы: візіт да прэм’ер-міністра і прамова да палітыкаў і дыпкорпуса, акрэдытаванага ў краіне. Апошні дзень падарожжа Пантыфік правядзе ў такійскім езуіцкім “Sophia University”.

Трэба нагадаць, што першым Пантыфікам, які ажыццявіў Апостальскі візіт у Японію, быў св. Ян Павел II – у 1981 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 кастрычніка 2019, 11:41