IMG-6806.jpg

Міжнародны форум у Мінску з удзелам прадстаўніка Святога Пасаду

У Мінску праходзіць міжнародная канферэнцыя, прысвечаная аднаму з самых вядомых іерархаў Рускай Праваслаўнай Царквы XX стагоддзя – Мітрапаліту Нікадзіму (Ротаву).

Не выпадкова форум міжканфесійны: Мітрапаліт Нікадзім – знакавая фігура для абедзвюх галін хрысціянства. Менавіта 15 кастрычніка 2019 г. адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння іерарха, і ў гэтыя дні яго ўспамінаюць у шматлікіх краінах.

У Мінску аб асабістым вопыце кажуць тыя, хто сустракаў яго на сваім шляху. Сярод іх – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У 1965 г. ён быў студэнтам Ленінградскага політэхнічнага інстытута, а Мітрапаліт Нікадзім выступаў у адзіным тады ленінградскім касцёле з паведамленнем аб сваёй прысутнасці на Другім Ватыканскім Саборы. Ён распавядаў пра тое, што сустракаўся з папам Паўлам VI, аб прысутнасці дэлегацыі Маскоўскага Патрыярхату на Саборы. Мітрапаліт Нікадзім працаваў у Беларусі нядоўга, але, напэўна, заставіў свой след і заклаў нейкі фундамент нашых добрых адносін”, - упэўнены каталіцкі іерарх.

Гэтыя гістарычныя падзеі памятаюць і ў Ватыкане. Супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кс. Ярамір Задрапа ў Беларусі ўпершыню, але ўжо ацаніў добрыя адносіны паміж канфесіямі, якім спрыяюць менавіта такія сустрэчы. “Таму што, калі мы далёка адзін ад аднаго, працуюць выключна стэрэатыпы, а калі мы бліжэй, шматлікія пытанні вырашаюцца”, - лічыць святар.

Сапраўды, пляцоўка форума таксама не выпадковая – мінскую кафедру Мітрапаліт Нікадзім узначальваў у 1963 г. – са жніўня па кастрычнік. У сучаснай жа гісторыі Беларусь ужо прымала буйныя межрэлігійныя і міжканфесійныя сустрэчы, а гэта канферэнцыя, па словах арганізатараў – старшыні “Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра ім. св. Мятода і Кірыла”, святара Святаслава Рагальскага, аднаўляе іх традыцыю. “Апошняя такая канферэнцыя “Праваслаўна-каталіцкі дыялог” адбылася ў 2014 г., а раней адбываліся форумы – “Хрысціянства і іслам”, “Хрысціянства і юдаізм”. Звычайна яны былі прымеркаваны да нейкіх знакавых падзей. Мы вырашылі аднавіць традыцыю і дата з’явілася – гэта 90 гадоў з дня нараджэння Мітрапаліта Нікадзіма”, - нагадаў праваслаўны святар.

Прывітанне ўдзельнікам форума накіраваў Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Філарэт – адзін з бліжэйшых вучняў Мітрапаліта Нікадзіма. У шматлікіх гасцей канферэнцыі ёсць свае ўспаміны і думкі. Галоўнае, ім ёсць, аб чым размаўляць. І робяць яны гэта на адзінай, нягледзячы на міжнародны склад, мове – мове ўзаемаразумення і дыялогу.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 кастрычніка 2019, 12:40