Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

ЗША: супольны праваслаўна-каталіцкі дакумент аб ролі свецкіх

Паўночнаамерыканская тэалагічная праваслаўна-каталіцкая кансультацыйная рада апублікавала дакумент, прысвечаны місіі вернікаў і іх ролі ў ажыццяўленні сінадальнасці на ўсіх узроўнях.

“Пакліканне і місія Божага народа: род выбраны, каралеўскае святарства, народ святы”, – так называецца дакумент – выказвае новы падыход да экуменічнага дыялогу: замест таго, каб абмяркоўваць праблему, якая замінае поўнаму адзінству паміж Цэрквамі, каталіцкія і праваслаўныя тэолагі разам абмяркоўваюць выклікі, якія стаяць перад абедзвюма супольнасцямі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра праблему клерыкалізму і ролю свецкіх вернікаў у святле эклезіялогіі, якая разглядае сакрамэнт хросту як аснову паклікання і служэння кожнага хрысціяніна, святара і свецкага.

У дакуменце, для распрацоўкі якога спатрэбілася пяць гадоў, адпрэчваецца проціпастаўленне духавенства свецкім: вернікі павінны мець магчымасць выказацца, хоць у сінадальным працэсе распазнаванне і канчатковыя рашэнні ўскладзены на біскупаў. Праваслаўныя і каталіцкія тэолагі прызнаюць, што ў дэбатах паміж двума Цэрквамі ролі свецкіх не надавалася належнага значэння.

Асаблівая ўвага ў сумесным дакуменце прысвячаецца моладзі. Аўтары лічаць, што тым, хто атаясамляе сваю веру з ультратрадыцыяналісцкай рэлігіяй або з псеўдарэлігійным індывідуалісцкім светапоглядам, трэба прапанаваць альтэрнатыву, якой яны змогуць давяраць.

Паўночнаамерыканская тэалагічная праваслаўна-каталіцкая кансультацыйная рада дзейнічае пры падтрымцы Асамблеі кананічных епіскапаў ЗША, Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў, Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Канады. Яна была заснавана ў 1965 г. У цяперашні час сустаршынямі ў ёй з’яўляюцца арцыбіскуп Ньюаркскі, кардынал Джозэф Тобін, і грэка-праваслаўны Мітрапаліт Бостанскі Мяфодзій.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 жніўня 2019, 10:34