Пошук

Vatican News
Асізі. Ілюстрацыйнае фота Асізі. Ілюстрацыйнае фота 

У Асізі абмяркуюць змест адгартацыі “Gaudete et exsultate”

“Ад святасці, уцелаўлёнай у сучаснасці, да містычнай прысутнасці ўваскрослага Пана паводле Апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate” – так гучыць тэма Міжнароднай канферэнцыі ў Асізі.

Форум, прысвечаны хрысціянскай містыцы, будзе праходзіць 7-8 верасня 2019 г.

Сустрэчу адкрые біскуп Асізі Даменіка Сарэнціна, член навуковага камітэта. Потым запланаваны выступленні выкладчыка Святога Пісання, езуіта Піна дзі Луча і прапаведніка Папскага дома Раньера Канталамесы. Шэраг духоўных асоб падзеліцца сваімі разважаннямі адносна зместу адгартацыі Gaudete et exsultate (“Радуйцеся і весяліцеся”).

Gaudete et exsultate – трэцяя Апостальская адгартацыя Францішка. Яна была апублікавана 9 красавіка 2018 г. і прысвечана пакліканню да святасці ў сучасным свеце. Дакумент складаецца з пяці частак, у якіх Святы Айцец паслядоўна раскрывае сутнасць паклікання да святасці, выкрывае “ілжывыя формы святасці”, увасобленыя ў ерасі неапелагіянства і неагнастыцызму, разважае адносна Евангельскіх благаслаўленняў, якія праліваюць святло на сэнс святасці, кажа пра духоўную барацьбу з д’яблам як крыніцай усялякага зла і пра шляхі распазнання паклікання.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 жніўня 2019, 13:49