Удзельнікі  малітоўнай працэсіі ў Парыжы Удзельнікі малітоўнай працэсіі ў Парыжы 

Папа да парыжскіх католікаў: быць будаўнікамі новага чалавецтва

Папа прывітаў вернікаў Парыжскай архідыяцэзіі з нагоды штогадовай працэсіі, якая прайшла вуліцамі французскай сталіцы 15 жніўня 2019 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Францішак даслаў адмысловае пасланне праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Ён запэўніў каталіцкую супольнасць Парыжа ў сваёй духоўнай блізкасці.

“Як сапраўдная маці, Марыя крочыць разам з намі, змагаецца поруч з намі і нястомна перадае цяпло Божай любові. Яна раздзяляе гісторыю кожнага народа, які атрымаў Евангелле, і таму становіцца часткай яго гістарычнай тоеснасці”, - гаворыцца ў пасланні.

Святы Айцец пажадаў, каб хутчэйшае завяршэнне рэстаўрацыі архітэктурнай жамчужыны, якой з’яўляецца парыжская базыліка Нотр-Дам, стала знакам адраджэння веры мясцовых католікаў. “Поўныя надзеі, будзьце будаўнікамі новага чалавецтва, укаранёнага ў Езусе Хрысце, для сваіх сем’яў, супольнасцей і жыццёвых асяроддзяў”, - падкрэсліў ён.

Ружанцовая працэсія з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Панны Марыі, у якой прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, распачалася каля маста Сен-Луі і завяршылася ўрачыстай св. Імшой у касцёле Сен-Сюльпіс, пасля якой арцыбіскуп Парыжа Мішэль Опэці аднавіў прысвячэнне Францыі Маці Божай, якое ўпершыню здзейсніў 10 лютага 1683 г. кароль Луі ХІІІ.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 жніўня 2019, 15:09